Аляксандр Атрошчанкаў: Маю скаргу, відаць, нават не чыталі


Старшыня Менскага гарадскога суда Уладзімір Пуціла пакінуў без змены прысуд Аляксандру Атрошчанкаву, былому прэс-сакратару Андрэя Саннікава, кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2010 г.

«У сваёй скарзе я пісаў, што не толькі не здзяйсняў злачынства, у якім прызнаны вінаватым, але нават, па сутнасці, не абвінавачваўся ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Мне ставіліся ў віну толькі знаходжанне ў натоўпе і спроба пранікнуць у будынак, якая нават не была даказаная. У той час як масавыя беспарадкі – гэта падпалы, пагромы, знішчэнне маёмасці, узброены супраціў прадстаўнікам улады. Гэта значыць дзеянні, якіх не здзяйсняў не толькі я, але і наогул ніхто з удзельнікаў мірнай дэманстрацыі, пра што на нашым судзе казалі нават супрацоўнікі міліцыі. З адказу на маю скаргу відаць, што яе ніхто нават не чытаў», – заявіў Аляксандр Атрошчанкаў.

Былы прэс-сакратар Саннікава адбываў пакаранне ў калоніі «Віцьба-3» і выйшаў на свабоду 14 верасня пасля ўказу прэзідэнта аб памілаванні.

Ён збіраецца працягваць абскарджваць вынесены вырак. «Я маю намер дамагчыся анулявання прысуду і зняцця з мяне судзімасці. На чарзе скарга ў Вярхоўны суд. Не скажу, што я на нешта разлічваю, але трэба прайсці ўсе нацыянальныя інстанцыі, перш як звяртацца ў міжнародныя структуры», – заявіў Атрошчанкаў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары