Пачаўся «Bulbamovie»


«Bulbamovie», першы прагляд беларускіх фільмаў, пачаўся ў суботу, 22 кастрычніка, у Варшаве.

Тэлеканал «Белсат» інфармацыйна падтрымлівае фестываль. Цягам двух дзён у «Kino Luna» польскай сталіцы гледачы пазнаёмяцца з дагэтуль невядомым беларускім дакументальным, незалежным, офавым, а таксама мастацкім кіно. Падчас імпрэзы адбудуцца дыскусіі ды спатканні з рэжысёрамі і кінакрытыкамі. Паказы і сустрэчы падзялілі на блокі.

22 кастрычніка, у суботу, з 10-й ранку офавае кіно: стужкі анархістаў з суполкі «Навінкі». З 14-й да 16-й – дакументальныя фільмы «Белсату» («Днюка», «Каўчэг Заіра Азгура», «Свята на нашай вуліцы» ды «Асколкі»). Пасля праглядаў – дыскусія з удзелам беларускіх і польскіх дакументалістаў «Значэнне дакументальнай прадукцыі «Белсату» для развіцця беларускага дакументальнага кіно». З 17-й да 18-й, – рэтраспектыва фільмаў выбітнай беларускай дакументалісткі Галіны Адамовіч. Пазней – дыскусія з удзелам аўтаркі: «Ці беларускае дакументальнае кіно з’яўляецца экзатычным для еўрапейскага гледача?». Увечары, а 19:00, адбудзецца спецыяльны паказ фільму Януша Гаўрылюка «Апошні жыхар сталіцы свету».

23 кастрычніка, у нядзелю, прагляд пачнецца з лекцыі Андрэя Расінскага пра гісторыю беларускага кінематографу. Пазней, з 12-й да 15-й, запрэзентуюць стужкі вытворчасці «Беларусьфільму» ў 2-х блоках: «неасавецкі фільм» і «спроба подыху «Беларусьфільму». З 15-й таксама рэтраспектыва творчасці Андрэя Кудзіненкі («Акупацыя. Містэрыі», «Масакра», «Розыгрыш»). Пасля – дыскусія на тэму «Як зрабіць беларускі фільм, які пакажуць на міжнародным фестывалі».

Уваход на ўсе паказы і дыскусіі бясплатны.

Адрас праглядаў:

Kino Luna, ul. Marszałkowska 28, Warszawa

падрабязнасці: http://www.bulbamovie.pl/

канал фестывалю на youtube.com

Стужка навінаў