Георгій Грыц: Долар будзе каштаваць ад 8 да 10 тысячаў


«Што да сённяшніх заяваў кіраўніцы Нацбанку – прагнознай ацэнкі на 7–8 тысяч рублёў за долар, я скептычна стаўлюся да такіх прагнозаў», – гэтак пракаментаваў заяву Надзеі Ермаковай эканаміст Георгій Грыц.

Нагадаем, 20 кастрычніка старшыня праўлення Нацбанку выказала надзею, што на пачатку наступнага года курс установіцца ў межах 7–8 тыс. руб. за долар.

«Падазраю, што такі курс вызначаны на аснове звычайных арыфметычных дзеянняў з аб’ёмамі грашовай масы і золатавалютных запасаў. Але я хачу расчараваць старшыню Нацбанку – такім простым метадам разлік не вядзецца», – адзначыў Грыц.

На думку эксперта, ніжняя мяжа курсу будзе складаць прыблізна 8 тыс. руб. «Апускаць мяжу ніжэй аб’ектыўна няма ніякіх эканамічных умоваў. Пачынаючы з адмоўнага сальда знешнегандлёвага абароту і недастатковага ўзроўню бяспекі ў выглядзе золатавалютных запасаў… З пункту гледжання вышэйшай мяжы калідора я б назваў лічбу 10 тысячаў. Думаю, чарговую дэвальвацыю на 50 % беларусы наўрад ці вытрываюць. Таму калідор у гэтай мяжы і будзе вагацца», – заявіў ён.

«Але аптымізм радуе – і кіраўніцтва Нацбанку, і ўраду. Бо без веры ў лепшае ў гэтай сітуацыі займаць пасады, якія яны займаюць, будзе няправільна», – падкрэсліў Георгій Грыц.

belsat.eu

Стужка навінаў