Віцэ-прэм'ер крызісу не заўважыў


У эканоміцы Беларусі ёсць праблемы, але крызісу ў краіне няма, заявіў 21 кастрычніка намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Тозік на супольным пасяджэнні абедзвюх палатаў Нацыянальнага сходу. «Мы займаемся вырашэннем дзвюх задачаў: вывадам краіны з праблемнага перыяду і забеспячэннем выхаду на ўстойлівае развіццё ў 2012 годзе. Перад урадам пастаўленая задача развязаць усе пытанні да канца», – зазначыў Анатоль Тозік.

Пры гэтым ён падкрэсліў: ва ўрадзе не бачаць падставаў для перагляду прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2011–2015 гг.

Паводле віцэ-прэм’ера, адна з галоўных задачаў ураду – не дапусціць падзення эканомікі і зніжэння рэальных даходаў насельніцтва. «Найбольш цяжка вырашаецца пытанне з захаваннем узроўню даходаў насельніцтва. Калі ў прамысловасці гэта лягчэй, то ў бюджэтным сектары асабліва цяжка», – заявіў Тозік.

Ён паведаміў, што за студзень–жнівень сёлета рэальныя даходы насельніцтва ўзраслі на 7,4 %. «Але фактычна розныя катэгорыі насельніцтва сёння жывуць у вельмі розных умовах», – прызнаў чыноўнік.

Паводле Тозіка, за верасень намінальны сярэдні заробак склаў 2,26 млн руб., што на 73 % больш, чымся ў верасні 2010 г. «Мы шмат што зможам вырашаць па заробках, стыпендыях і пенсіях, калі ўраду будзе зразумелы курс нацыянальнай валюты», – падкрэсліў Тозік.

Пры гэтым ён зазначыў: дзяржава стварыла ўсе ўмовы для таго, каб «дазволіць прадпрымальнаму і працавітаму чалавеку зарабіць для сябе і сваёй сям’і».

Тозік таксама ўказаў на наяўнасць дэмаграфічнай праблемы. Для яе вырашэння, паводле віцэ-прэм’ера, неабходна «ўсімі сіламі фармаваць культ прыгожай, здаровай сям’і з трыма дзецьмі». Ён паведаміў аб планах павялічыць памеры матэрыяльнай дапамогі шматдзетным сем’ям і падтрымліваць іх у пытаннях выплаты крэдытаў.

belsat.eu

Стужка навінаў