У Польшчы на выбарах двойчы шукалі бомбу


https://youtu.be/3Qh0TcU6W3k
Сёння, 9 кастрычніка, палякі галасуюць на парламенцкіх выбарах.

Галоўныя прэтэндэнты на перамогу – партыя “Грамадзянская платформа” на чале з цяперашнім прэм’ер-міністрам Дональдам Тускам (яна кіруе Польшчаю апошнія чатыры гады) і кансерватыўная “Закон і справядлівасць” з лідарам Ярославам Качыньскім.

Чакаецца, што ніводная партыя не зможа кіраваць сама. Туск, хутчэй за ўсё, звернецца да сённяшніх партнёраў з кааліцыі – Польскай народнай партыі. Не выключана, што супраца паўстане і з новаю арганізацыяй – рух падтрымання Паліката, які выступае за правы геяў, аборты і легалізацыю лёгкіх наркотыкаў.

Калі пераможа партыя цяперашняга прэм’ера, Польшчу чакаюць асцярожныя рэформы ды далейшы курс на збліжэнне з Еўразвязам. “Закон і справядлівасць” абяцае сур’ёзнае ўмяшальніцтва ў эканоміку, у тым ліку, вышэйшыя падаткі для багатых і згортванне прыватызацыі, якую распачала “Грамадзянскай платформа” пасля прыходу да ўлады ў 2007 г.

Права голасу ў Польшчы маюць больш за 30 млн чалавек. Яны мусяць абраць 460 дэпутатаў Сейму, ніжняй палаты парламенту, і 100 – Сенату (верхняй палатай). Галасаванне пачалося а 7-й гадзіне раніцы і скончыцца а 21:00, калі назавуць лічбы першага экзіт-полу.

У горадзе Гожаў (Gorzów) выбарчы ўчастак мусілі зачыніць на некалькі гадзінаў, бо ананім паведаміў паліцыі праз тэлефон пра нібыта закладзеную бомбу. Сілавікі сапраўды знайшлі падазроны пакет, але бясшкодны. Гэткі ж інцыдэнт адбыўся і ў Варшаве, з тою толькі розніцаю, што пра выбуховы ладунак паведамілі з Вялікабрытаніі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары