Адвакат: У Саннікава ёсць пытанні па стане здароўя


Экс-кандыдата на прэзідэнцтва Андрэя Саннікава трымаюць у камеры-адзіночцы магілёўскага СІЗА № 4 і ў яго ёсць пытанні наконт здароўя, заявіла 27 верасня ў Магілёве яго адвакат Марыя Кавалеўская.

Як паведаміла Кавалеўская прысутным каля СІЗА № 4 мясцовым актывістам дэмакратычных арганізацыяў і журналістам, у наяўнай сітуацыі Саннікаў мае штодзённую патрэбу ў паслугах адваката. Чым яна абумоўлена, абаронца канкрэтызаваць не стала.

Яна таксама заявіла, што Саннікаву незразумелы яго перавод з наваполацкай калоніі ў нейкую іншую і яму ніхто не тлумачыў прычын гэтага пераводу.

Марыя Кавалеўская знаходзілася ў магілёўскім СІЗА № 4 цягам трох гадзін.

21 верасня жонка Саннікава Ірына Халіп атрымала тэлеграму ад начальніка наваполацкай калоніі, дзе адбываў пакаранне яе муж. У тэлеграме паведамлялася, што Саннікава 20 верасня этапавалі ў папраўчую калонію № 2 Бабруйска. Аб прычынах пераводу зняволенага нічога не гаварылася.

14 мая суд Партызанскага раёна Менска прыгаварыў Саннікава да пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Экс-кандыдат у прэзідэнты прызнаны вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў.

belsat.eu

Стужка навінаў