Танкачова: За супраціў падчас маўклівай акцыі давядзецца несці адказнасць


Рэвалюцыянеры выходзяць з вакацыяў. Сёння ў Менску і рэгіёнах пройдзе чарговая акцыя маўклівага пратэсту.

Каардынатары акцыі вырашылі крыху змяніць стратэгію і заклікаюць удзельнікаў збірацца на цэнтральных вуліцах і праспектах гарадоў. У Менску гэта праспект Незалежнасці на адрэзку ад гатэлю «Менск» да Кастрычніцкай плошчы. У абласных цэнтрах гэта таксама часткі праспектаў, у невялічкіх гарадах – галоўныя плошчы.

Удзельнікаў заклікаюць прыходзіць на вызначанае месца а 19:00 і сыходзіць а 20:00 арганізаванымі групамі.

Яшчэ адна адметнасць сённяшняй акцыі – каардынатары ўпершыню выставілі шэраг патрабаванняў да ўлады, як палітычных, так і эканамічных. Сярод іх вызваленне палітвязняў, спыненне рэпрэсіяў супраць палітыкаў, праваабаронцаў і журналістаў, выратаванне беларускай мовы, адкрытая грамадская дыскусія пра эканамічную і палітычную сітуацыю ў краіне ды інш.

Гэтым разам удзельнікаў не заклікаюць пляскаць у далоні. Арганізатары папярэджваюць: «Пляскаем, выкрыкваем лозунгі толькі ў тым выпадку, калі вы гатовыя да затрыманняў і гатовыя актыўна адбіваць паплечнікаў ад «бандытаў у цывільным».

Як дзеяць у сітуацыі, калі цябе затрымліваюць невядомыя і без усялякіх тлумачэнняў цягнуць у транспарт без нумароў, – універсальных рэцэптаў няма, кажа кіраўніца Цэнтру прававой трансфармацыі Алена Танкачова: «Натуральная фізічная рэакцыя любога чалавека, тым больш, калі ён не робіць нічога дрэннага, – гэта абараняцца ад нападу. Але ў гэтай сітуацыі мы разумеем, што гэтыя невядомыя ў цывільным, хоць і вядуць сябе відавочна незаконна, усё ж такі ёсць прадстаўнікамі нейкіх сілавых структураў».

Супраціў павінен быць усвядомленым, зазначае праваабаронца, і той, хто вырашыць на яго пайсці, павінен разумець, што панясе за гэта адпаведную адказнасць. Разам з тым Алена Танкачова нагадвае, што праваабаронцы заўсёды выступаюць за правядзенне негвалтоўных акцыяў пратэсту. «У маёй практыцы яшчэ ніводнага разу не было выпадкаў, каб па гэтай катэгорыі справаў суд прыслухаўся да аргументаў затрыманых і змякчыў вырак», – папярэджвае праваабаронца.

belsat.eu

Стужка навінаў