Паганяйла: Звальненне Васілевіча не стала неспадзяванкаю


Аляксандр Лукашэнка прызначыў Генеральным пракурорам старшыню вайсковай калегіі Вярхоўнага Суда, генерал-маёра юстыцыі Аляксандра Канюка.

“Як чалавек вайсковы, вы па службе ведаеце многіх людзей, якіх можна было б прыцягнуць для працы ў Генеральнай пракуратуры і пракурорскіх органах, каб, перш за ўсё, там навесці парадак і павярнуць пракуратуру тварам да вырашэння тых праблемаў, якія трэба сёння вырашаць”, – даў наказ новаму генпракурору Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінкскага камітэту, юрыст Гары Паганяйла гаворыць, што звальненне з пасады Рыгора Васілевіча было чаканае. “Гэты чалавек не меў практыкі пракурорскай дзейнасці, ён больш займаўся навукаю, працяглы час працаваў у Канстытуцыйным судзе. Дзіўна, што Рыгор Васілевіч пратрымаўся на пасадзе генпракурора гэткі працяглы тэрмін, бо ў свой час яго прызначэнне выклікала шмат пытанняў”, – зазначае праваабаронца.

Што датычыць асобы новага кіраўніка Генеральнай пракуратуры, дык, як зазначыў Гары Паганяйла, Аляксандр Лукашэнка любіць прызначаць на кіроўныя пасады жорсткіх людзей: “Яму патрэбны асобы, што будуць беспярэчна выконваць ягоную волю, і ў гэтым плане кандыдатура Аляксандра Канюка, як вайскоўца, у ягоным разуменні – найлепшы варыянт”.

Але і Рыгор Васілевіч, на меркаванне эксперта, без справы не застанецца. Як гаворыць Гары Паганяйла, у Аляксандра Лукашэнкі вельмі кароткая “лава запасных”, маладым кадрам ён не давярае, а Рыгор Васілевіч – “верны служака”, што сёння застаецца галоўным крытэрам падбору кадраў.

Дарэчы, кіраўнік Беларусі таксама заявіў, што былы генпракурор “з абоймы не выпадзе” і будзе выкарыстаны “ці на навуковай, ці на выкладчыцкай працы, альбо на той і іншай, альбо на якой-небудзь дзяржаўнай службе”.

belsat.eu

Стужка навінаў