Уладзімір Кобец заявіў пра катаванні ды вярбоўку ў КДБ


Пра катаванні ў следчым ізалятары КДБ і спробы вярбоўкі публічна апавёў яшчэ адзін актывіст апазіцыі – Уладзімір Кобец, які на выбарах 2010 г. быў чальцом каманды кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава. Пасля масавых арыштаў актывістаў апазіцыі Кобец выехаў за мяжу, дзе застаецца і цяпер.

У артыкуле, апублікаваным на сайце charter97.org, Кобец падрабязна распавядае пра тое, як яго прымусілі падпісаць у КДБ паперу аб супрацы. “Надышоў час даць адказ на пытанне, на якое я не змог адказаць, застаючыся ў краіне: на якіх жа ўмовах адпускалі з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе”, – піша Кобец.

“Па-першае, тое, што адбывалася ў СІЗА КДБ, мой розум былога дзяржаўнага службоўцы і цяпер адмаўляецца ўспрымаць як рэальнасць. Толькі прафесійная дапамога адмыслоўца з галіны псіхалогіі катастрофаў дазволіла па часе пазбавіцца ад кашмараў. Па-другое, я вельмі сур’ёзна паставіўся да пагрозаў, якія прагучалі на адрас маёй сям’і, мяне, а таксама маіх сяброў. Пагрозы гучалі і пасля “вызвалення”, іх мэта – прымусіць працаваць на КДБ”, – сцвярджае аўтар артыкулу.

“Палітзняволеным вырашылі паказаць, што і ў XXI ст. былая ўнутраная турма НКВД – “амерыканка”, нібы машына часу, лёгкім рухам рукі вяртае ў 30-я гг. мінулага стагоддзя, – гаворыцца ў лісце. – З нас здзекаваліся байцы невядомага падраздзялення ў масках, узброеныя электрашокерамі ды дубінкамі. Нас абшуквалі, прымушаючы раздзявацца дагала і прысядаць, ставілі на расцяжкі ды білі чаравікамі па нагах, ганялі па крутой лесвіцы ў кайданках, абражаючы і зноў б’ючы па нагах”.

Менавіта ў гэты перыяд, паведамляе Кобец, пачаліся актыўныя допыты без адваката і вярбоўка. “Яшчэ раней адзін з аператыўных працаўнікоў празрыста даў зразумець, што ў “распрацоўцы” не толькі я – збіраецца аператыўная інфармацыя пра маю жонку, маіх блізкіх сяброў. Цяпер усе яны, разам з сям’ёю, рабіліся закладнікамі маёй лініі паводзінаў. Пасля шматгадзіннага сеансу прамывання мазгоў, дэманстрацыі разнастайных, у тым ліку фінансавых, дакументаў сітуацыя падалася мне фатальна бязвыхаднаю – прававая сваволя душыла, апеляваць да разумнага сэнсу ці законнасці не было сэнсу”, – піша актывіст.

Дзеля вызвалення з следчага ізалятару пад падпіску аб нявыездзе Кобецу, паводле ягоных словаў, паставілі ўмову: напісаць распіску “аб добраахвотнай згодзе на аказанне спрыяння органам дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь у ажыццяўленні імі іх канстытуцыйных абавязкаў”. “У той момант для сябе я вырашыў – што б там ні было, вырвацца з КДБ. Тэкст пісаўся пад дыктоўку аператыўнага працаўніка. Ніякіх абавязкаў, акрамя як захавання факту напісання такай распіскі ў таямніцы, папера не змяшчала”, – сцвярджае аўтар ліста.

Кобец фактычна паўтарыў тое, што раней агучыў экс-кандыдат на прэзідэнта Алесь Міхалевіч. Яго таксама трымалі некалькі месяцаў у следчым ізалятары КДБ і адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе пасля таго, як ён напісаў аналагічную паперу аб згодзе на супрацу з КДБ. Пра гэта, а таксама пра факты катаванняў у СІЗА КДБ, Міхалевіч распавёў на прэс-канферэнцыі, пасля якой ён таемна выехаў за межы Беларусі. У канцы сакавіка Міхалевіч атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі.

Варта адзначыць, што прадстаўнік КДБ абверг заяву Міхалевіча пра вярбоўку і катаванні ў СІЗА.

belsat.eu

Стужка навінаў