Аплата за праезд будзе падвышацца штомесяц?


Старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька заявіў, што да канца года квіток на грамадскі транспарт у сталіцы мае каштаваць не меней як 1250 руб.

І гэта пры тым, што паводле падлікаў Менгарвыканкаму сабекошт праезду складае сёння 2200 руб. Чыноўнік зазначыў, што прадпрыемству “Менсктранс” з бюджэту вылучаць дадаткова 150 млрд руб. на пакрыццё выдаткаў. “Гэтыя сродкі прызначаныя для таго, каб да канца года вытрымаць кошт праезду для насельніцтва ў межах 1100–1250 руб. пры сабекошце адной паездкі ў грамадскім транспарце 2200 руб.”, – падкрэсліў старшыня гарвыканкаму. Пры гэтым “Менсктранс” называе іншы кошт паездкі ў гарадскім транспарце – мінімум 3000 руб. Навіну пра бясплатны праезд для студэнтаў тут успрынялі збольшага негатыўна.

У сталіцы прыкладна 120 тыс. студэнтаў, якія актыўна ездзяць па горадзе, таму для прадпрыемства гэта лішнія страты. “У выніку мы вымушаныя эканоміць на заробках сваіх працаўнікоў і абнаўленні аўтапаркаў, – кажа начальніца эканамічнага кіраўніцтва Ганна Міхайлоўская. – Але змяніць нічога не можам: рашэнне пра аплату праезду прымае Мінэканомікі ды Менгарвыканкам, мы толькі падпарадкоўваемся гэтаму”. Яны і забараняюць рэзка падвышаць кошты на праезд, якія змяняюцца перш за ўсё з падаражаннем паліва.

belsat.eu

Стужка навінаў