У Яраслаўлі разбіўся самалёт з гульцамі ХК «Лакаматыў».


Паводле апошніх звестак Міністэрства надзвычайных справаў Расеі, у выніку катастрофы ЯК-42 загінулі 43 чалавекі, у тым ліку беларусы Руслан Салей і Сяргей Астапчук. Пра гэта паведамілі праз “гарачую лінію” МНС Расеі.

У МНС адзначылі, што самалёт ляцеў з Яраслаўлю ў Менск на матч з “Дынама”, што меўся адбыцца 8 верасня на “Менск-Арэне”. На яго борце было 45 чалавек, у тым ліку чатыры чальцы экіпажу. Паводле тых жа звестак, два чалавекі пацярпелі, 43 папярэдне паведамляецца, загінулі.

На борце быў увесь асноўны склад “Лакаматыва”. Абодва беларускіх легіянеры – Руслан Салей і Сяргей Астапчук – былі на борце самалёта.

Рэшткі летака знайшлі за некалькі кіламетраў ад аэрапорту, каля аднаго з прытокаў Волгі. Насавая частка ўпала ў раку: відавочна, пілоты намагаліся сесці на ваду.

Паводле афіцыйнага прадстаўніка следчага камітэту РФ Уладзіміра Маркіна, Міждзяржаўны авіяцыйны камітэт Расеі ўжо сфармаваў камісію для расследавання справы. Распачатая крымінальная справа паводле арт. 263 КК РФ (“Парушэнне правілаў бяспекі руху паветранага транспарту”).

Гульня адкрыцця Кубка Кантынентальнай хакейнай лігі паміж “Салаватам Юлаевым” і “Атлантам” перапынілася на 15 хвіліне. Старшыня КХЛ Аляксандр Мядзведзеў звярнуўся да заўзятараў з просьбаю ўшанаваць памяць загінулых хвілінаю маўчання.

Паводле Аляксандра Дегцярова, доктара мясцовага шпіталю імя Салаўёва, у катастрофе выжылі два чалавекі. Гэта нападнік “Лакаматыва” Аляксандр Галімаў і тэхнік самалёта Сізоў.

Прэсавая служба клубу паведамляе, што на першую гульню сезону, з менскім “Дынама”, меўся вылецець увесь асноўны склад каманды.

“На першы матч паляцелі ўсе. Нават чатырох маладых хлопцаў з сабою ўзялі… У нас у горадзе міжнародны форум адбываецца. Праз гэта транспарт перагружаны. Доўга вырашалі, калі ляцець: у аўторак ці сераду”, – кажа прэсавы сакратар “Лакаматыву” Уладзімір Малкоў.

Як паведамляюць у ХК “Дынама” (Менск), “заўтра на “Менск-Арэне” будзе вывешаны лагатып “Лакаматыва”. Заўзятары змогуць ускласці кветкі, паставіць знічы”.

belsat.eu

Стужка навінаў