Ірына Халіп павезла Андрэю Саннікаву плоў і пірагі


Журналістка Ірына Халіп накіравалася 7 верасня ў наваполацкую калонію (Віцебская вобласць) на доўгатэрміновае спатканне з мужам, былым кандыдатам на прэзідэнта Андрэем Саннікавым.

Халіп сама застаецца фігуранткаю крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня 2010 г. Яе асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем пакарання на 2 гады. “Таму працаўнікі міліцыі, якія ажыццяўляюць нагляд за мною, мусяць выдаць мне маршрутны ліст – прыкладна такі ж, што выдаюць кіроўцам-дальнабойнікам. І я мушу яго адзначаць”, – распавяла яна.

Журналістка зазначыла, што маршрутны ліст падобны да камандзіровачнага пасведчання ў савецкія часы: у ім падаецца дзень асуджэння, тэрмін пакарання, орган, які выдаў гэты ліст. “У калоніі я мушу зрабіць адзнакі ў адміністрацыі: калі прыбыла, калі выбыла. Па вяртанні – здаць у міліцыю”, – патлумачыла Халіп.

Яна разлічвае пагаварыць з мужам не праз шкло, а асабіста. “Я распавяду яму пра тое, што дзеялася ў апошні час, і маю намер пачуць пра тое, што адбывалася з ім у зняволенні”, – адзначыла Халіп.

Яна не стала браць на спатканне сына Данілу. “Гэта было б бесчалавечна – замыкаць маленькага хлопчыка ў пакойчыку, у чатырох сценах на два дні. Калі ў калоніі ў Віцебску, напрыклад, дзе трымаюць Аляксандра Атрошчанкава [прэс-сакратар Саннікава на выбарах, асуджаны да 4 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму], ёсць унутраныя дворыкі для шпацыру, куды можна вывесці дзіця пагуляць, то ў калоніі ў Наваполацку такой магчымасці няма”, – сказала Халіп.

Жонка вязе Саннікаву ягоныя любімыя стравы. “Я не ведаю, як ён усё гэта з’есць, але яму давядзецца. Плоў, катлеты, адбіўныя, гуляш. Пірагі ад ягонай маці Алы Уладзіміраўны. І яшчэ вельмі шмат усялякіх прысмакаў”, – сказала Халіп.

Яна спадзяецца, што спатканне пройдзе без ускладненняў. Пакінуць калонію ў Наваполацку яна мае 9 верасня.

14 траўня суд Партызанскага раёну Менску асудзіў Саннікава на 5 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 15 ліпеня Менскі гарадскі суд пакінуў без задавальнення касацыйную скаргу палітыка.

belsat.eu

Стужка навінаў