Больш як 800 хадайніцтваў за Бяляцкага


Адвакат Алеся Бяляцкага перадаў у кіраўніцтва дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю Менску і Менскай вобласці 816 хадайніцтваў аб змяненні меры стрымання свайму падабароннаму. Пра гэта паведаміў праваабаронца Уладзімір Лабковіч.

Паводле яго, гэта першае падаванне хадайніцтваў, сабраных цэнтралізавана. “Акрамя гэтага, як нам вядома, каля ста хадайніцтваў за вызваленне Бяляцкага падалі грамадзяне індывідуальна”, – сказаў Лабковіч.

Ён адзначыў, што сярод складальнікаў вельмі шмат вядомых і аўтарытэтных людзей. “Гэта хадайніцтвы, падпісаныя чэшскімі дысідэнтамі, рэдактарамі недзяржаўных газетаў Беларусі, лідарамі вядомых грамадскіх аб’яднанняў – такіх, як Беларуская асацыяцыя журналістаў і Беларускі Хельсінкскі камітэт, рух “За Свабоду”, лідарамі палітычных партыяў, грамадскімі актывістамі. Можна сказаць, што хадайніцтвы за вызваленне Бяляцкага падпісалі амаль усе вядомыя ў Беларусі людзі”, – заявіў Лабковіч.

З ягоных словаў, калегі Бяляцкага рэгулярна атрымліваюць ад яго лісты са следчага ізалятару № 1 у Менску. “Бяляцкі трымаецца бадзёра, ён моцны і фізічна, і маральна”, – адзначыў Лабковіч.

Віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўніка закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага затрымалі увечары 4 жніўня. 5 жніўня ў дачыненні затрыманага абралі меру стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту. 12 жніўня праваабаронцу выставілі абвінавачанне на падставе часткі 2 артыкулу 243 Крымінальнага кодэксу (утойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры) і працягнулі тэрмін утрымання пад вартаю на два месяцы.

belsat.eu

Стужка навінаў