Нацбанк “нацыяналізаваў” валютныя дэпазіты?


Паводле інфармацыі неафіцыйных крыніцаў, Нацбанк прымусіў беларускія банкі прадаць валютныя дэпазіты насельніцтва.

Як паведаміла “Белсату” крыніца з аднаго беларускага банку, дэпазіты пайшлі на падтрыманне золатавалютных рэзерваў краіны, продаж ажыццяўляўся паводле курсу 3 тысячы беларускіх рублёў за долар. “Калі ўсе ўкладнікі раптам вырашаць забраць з банкаў свае грошы, вярнуць іх змогуць толькі 10–15 %. А банкам ізноўку давядзецца звяртацца па валюту ў Нацбанк, але зразумела, што набываць яе яны будуць зусім за іншыя кошты”, – гаворыць нашая крыніца.

“Гэта сітуацыя цалкам імаверная. Усё, што трапляе на рахункі ў камерцыйныя банкі, яно абязлічваецца. А тое, што камерцыйныя банкі прадавалі валюту Нацыянальнаму банку – гэта адназначна”, – пракаментаваў навіну незалежны эканаміст Леў Марголін. Але ён лічыць, што галоўнае пытанне ў іншым: ці ёсць у банкаў дастаткова валюты, каб пры неабходнасці вернуць дэпазіты насельніцтву. Хутчэй за ўсё, банкаўскіх сродкаў не хопіць”, – мяркуе Леў Марголін.

Спадар Марголін не выключае, што Беларусь у гэтай сітуацыі можа пайсці ўкраінскім шляхам і ў хуткім часе прымуць рашэнне забараніць насельніцтву датэрмінова здымаць свае валютныя ўклады.

У сваю чаргу, кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка скептычна паставіўся да гэтай інфармацыі: “Не бачу сэнсу “нацыяналізаваць” тыя 3 млрд долараў, што насельніцтва аднесла ў банкі, калі ёсць пакупнікі на “Белкалій” ды іншыя буйныя прадпрыемствы, калі ёсць палкоўнік Чавэс, які не ведае, куды свае грошы падзець”. Гэта непрафесійны падыход, зазначае эканаміст, бо калі насельніцтва масава пойдзе за сваімі грашыма, пачнецца эканамічны і палітычны крызіс, “у выніку якога Аляксандра Лукашэнку могуць зрынуць з п’едэсталу”. У цяперашняй і так няпростай сітуацыі гэты крок для яго цалкам нявыгадны, зазначае Леанід Заіка.

belsat.eu

Стужка навінаў