Камітэт дзяржкантролю: Кошты трэба зраўняць з расейскімі


Старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Аляксандр Якабсон лічыць, што гэта спыніць наплыў расейцаў, якія прыязджаюць на шопінг.

“У Расеі ды Украіне кошты на малочную і мясную прадукцыю ў некалькі разоў вышэйшыя за беларускія, – адзначае чыноўнік. – Менавіта гэта стала прычынаю таго, што беларускія тавары масава набываюць прадпрымальныя расейцы і вывозяць за межы краіны. Межаў, мытных перашкодаў на шляху гэтага “бізнесу” няма”.

Паводле Якабсона, КДК зацікаўлены ў вырашэнні гэтага пытання, бо вытворчасць малака і мяса ў краіне датуецца з бюджэту. “Людзям трэба зразумець, што ў нас няма іншага шляху – давядзецца падымаць кошты да ўзроўню расейскіх, – кажа спадар Якабсон. – Рэзкага падаражання не будзе, паступова будзем падымаць на 3–5 % штомесяц”.

Росту заробкаў пры гэтым не плануецца. Паводле старшыні КДК, у гэтым пытанні трэба спадзявацца толькі на сябе: “Заробак можа расці толькі тады, калі чалавек будзе працаваць больш”.

Дагэтуль пра мэтазгоднасць зраўнаць кошты з расейскімі заяўлялі ў Міністэрстве гандлю, Савеце Міністраў і Дзяржаўны мытным камітэце.

На меркаванне эканаміста Ірыны Урбан, чыноўнікі такім чынам шукаюць спосаб апраўдаць заканамерныя падаражанні, якія прагназавалі эксперты бліжэй да восені. “Паводле дамовы аб Мытным звязе расейцы абсалютна законна могуць купляць тавары і перавозіць іх. Гэта рынкавыя ўмовы – людзі шукаюць, дзе танней. І чаму беларускі народ мусіць за гэта расплачвацца, чыноўнікі так і не змаглі растлумачыць”, – адзначыла экспертка.

Дарэчы, розніца ў коштах на мясную прадукцыю ў Беларусі ды Расеі складае 25–30 % , розніца закупных коштаў на малочную прадукцыю – больш як 150 %.

belsat.eu

Стужка навінаў