Бэрнд Штанге: Хочам паказаць камбінацыйны футбол


Беларуская зборная рыхтуецца да таварыскай сустрэчы са зборнаю Балгарыі.

Галоўны трэнер беларускай зборнай падкрэсліў, што беларусы абышлі ў міжнародным рэйтынгу шмат камандаў (напрыклад, Балгарыю, Шатландыю, Румынію і Польшчу) і сталі на адну прыступку са зборнымі Украіны, Чэхіі ды Бельгіі. «Мы ганарымся высокаю міжнароднай ацэнкаю нашага футболу, – заўважыў Штанге, – але яе трэба пастаянна пацвярджаць. Да гульні са зборнаю Балгарыі мы запрасілі тых гульцоў, з якімі, спадзяюся, зможам даказаць гэта. Са складам ніякіх сюрпрызаў не будзе, вы ведаеце гэтых гульцоў, якія заслужылі месца ў зборнай. Тры абсалютныя навічкі – Павел Няхайчык, Станіслаў Драгун і Аляксандр Гутар. З іх прыходам у зборнай будзе дзесяць гульцоў, якія выступалі ў апошніх чэмпіянатах Еўропы сярод моладзевых зборных – гэта вельмі здаровая структура для перспектывы нашай каманды».

Паводле трэнера, каманда хоча паказаць добры камбінацыйны футбол. «Калі, вядома, не вельмі якаснае пакрыццё стадыёну «Дынама» нам гэта дазволіць зрабіць, – заўважыў ён. – Я расчараваны якасцю поля – футбольнага твару нашай сталіцы, нашай краіны. Трэнер аўстрыйскага «Штурму», які будзе 16 жніўня гуляць на гэтым жа стадыёне, таксама скардзіўся на газон. Тым не менш мы пастараемся паказаць добры футбол».

Бэрнд Штанге выказаў надзею, што, пасля таго як нацыянальная зборная зарабіла чатыры пункты ў гульнях з камандамі Францыі ды Люксембургу, заўзятары праявяць цікавасць да матчу.

belsat.eu

https://youtu.be/9CmDuOPkxWk

Глядзі таксама
Каментары