За набыткі ў Хмяльніцкім у шматдзетных сем’яў забіраюць дапамогу


Калі сям’я мае грошы на шоп-тур, лічыцца, што ёй не патрабуецца фінансавай дапамогі ад дзяржавы. Паездка за пакупкамі ў Беларусі афіцыйна называецца выязным турызмам. Міністэрства спорту і турызму хоча гэта змяніць.

Першымі з такою прапановаю выступілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны. Рэч у тым, што, паводле цяперашняга заканадаўства, грамадзяне, якія за апошнія 12 месяцаў з турыстычнымі мэтамі выязджалі з краіны, губляюць права на штомесячную сацыяльную дапамогу.

Гаворка ідзе найперш пра шматдзетныя сем’і. Праз тое, што фінансавымі органамі шоп-туры ў Хмяльніцкі, Вільню, Беласток і г. д. трактаваліся менавіта як выязны турызм, Міністэрства працы выступіла за звужэнне гэтага панятку ў заканадаўстве. Прычым апроч кароткачасовых паездак за набыткамі прапаноўваецца выключыць выпадкі, калі грамадзяне выязджаюць за межы краіны для наведвання блізкіх сваякоў, на пахаванне і важныя сямейныя даты.

Гэту пазіцыю падтрымала і Міністэрства спорту і турызму. Старшыня Дэпартаменту турызму Вадзім Кармазін адзначыў: “У Законе аб турызме прапісана, што турыстычнае падарожжа здзяйсняецца з мэтай адпачынку і пазнавальнымі мэтамі, закупкі там не згадваюцца. Тым больш што шоп-туры ўяўляюць сабою толькі адну паслугу – перавоз, а для класіфікацыі ў якасці туру неабходная наяўнасць як мінімум двух паслуг”.

Тым часам бацькі настойваюць, каб фармулёўка турыстычных паездак наогул знікла з заканадаўства. “Мы не можам вывезці дзяцей на адпачынак на мора, – распавядае шматдзетная маці Зоя Валасевіч. – Чамусьці чыноўнікі лічаць адпачынак раз на год занадта вялікай раскошай для сям’і, таму пазбаўляюць нас грашовай дапамогі. Гэта невялікія грошы – каля 500 тыс. руб., але калі ў сям’і працуе толькі бацька, а маці сядзіць у дэкрэтным адпачынку, гэтыя грошы не лішнія”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары