Дазволу на мітынг для міліцыі не атрымалі


Гомельскі гарвыканкам адмовіў апазіцыянерам у правядзенні інфармацыйна-прававога мітынгу для працаўнікоў міліцыі.

Як вынікае з адказу гарвыканкаму, які атрымаў актывіст кааліцыі Канстанцін Жукоўскі, падставаю для адмовы стала тое, што арганізатары акцыі не падпісалі дамовы з міліцыяй, камунальнымі службамі ды медыкамі.

“Мы ўсё ж правядзем масавае мерапрыемства, але ў іншым фармаце, – не здаецца Жукоўскі. – Зразумела, што працаўнікі міліцыі ўсё адно прыйдуць на запланаванае месца правядзення ў прызначаную гадзіну, хоць мітынг і забаранілі. А мы раздамо ім Канстытуцыю – Асноўны закон краіны – ды нагадаем, што ўлады парушаюць свае ж законы, якія прымаюць”.

Заяўку на правядзенне 12 жніўня інфармацыйна-прававога мітынгу для працаўнікоў міліцыі Жукоўскі падаў у гарвыканкам 8 ліпеня. Нагодаю для гэтага сталі падзеі 3 ліпеня.

“3 ліпеня мы хацелі правесці ў Гомлі мітынг, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да сацыяльна-эканамічных праблемаў у краіне, – сказаў Жукоўскі. – Але прыцягнулі ўвагу толькі праваахоўных органаў: гарвыканкам забараніў мітынг, а ў прызначаную гадзіну на заяўленай пляцоўцы каля ДК “Віпра” таварыства глухіх сабраліся толькі міліцыянты – паводле розных падлікаў, да 300 чалавек. Яны агарадзілі пляцоўку каля Палацу культуры ды кагосьці, імаверна, чакалі”.

Правесці 12 жніўня інфармацыйна-прававы мітынг для працаўнікоў міліцыі актывіст апазіцыі збіраўся ў сувязі з “масавымі парушэннямі працаўнікамі праваахоўных органаў правоў і свабодаў грамадзянаў”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары