“Загадзя вызначаная бяздзейнасць” можа стаць злачынствам


Савет Міністраў прапаноўвае ўнесці змены ў закон “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”. Галоўныя папраўкі скіраваныя супраць акцыяў кшталту “народных гулянняў” па серадах.

У прыватнасці, Саўмін прапаноўвае дапоўніць закон сказам: “Да пікетавання прыраўноўваецца супольная масавая прысутнасць грамадзянаў у загадзя вызначаным грамадскім месцы (у тым ліку пад адкрытым небам) і ўсталяваны час для здзяйснення загадзя вызначанага дзеяння ці бяздзеяння, арганізаванае (у тым ліку праз глабальную камп’ютарную сетку інтэрнэт або іншыя інфармацыйныя сеткі) для публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных настрояў або пратэсту”.

Акрамя таго чыноўнікі хочуць узаконіць тое, што і так робіць беларуская міліцыя, а менавіта – агароджванне месцаў правядзення масавых акцыяў, фатаграфаванне і відэазапіс удзельнікаў акцыяў.

На думку палітолага Алеся Лагвінца, гэты законапраект накіраваны перадусім супраць грамадства і яго правоў: «Такія ж рэчы можна было знайсці і ў Іраку Садама Хусэйна, на Кубе братоў Кастра і ў Венесуэле Уга Чавэса. У мяне няма сумневаў, што гэты законапраект будзе прыняты, бо ўлады заўсёды, як распачынаюць нейкія дзеянні па абмежаванні чагосьці, звычайна даходзяць да іхняга лагічнага завяршэння: так было і з артыкулам Крымінальнага Кодэксу аб адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі ды са шматлікімі іншымі законапраектамі. Гэта чарговая спроба запужаць грамадства».

Мінакі ў Менску таксама не выразілі падтрымання гэтаму законапраекту. Здымачная група «Белсату» не здолела знайсці нікога, хто б ставіўся да чарговага абмежавання сваіх правоў хаця б з разуменнем.

belsat.eu

Стужка навінаў