Калгасы без грошай не пакінуць


Чыноўнікі заяўляюць пра тое, што трэба і надалей датаваць сельскую гаспадарку.

Пры гэтым і Расея, і МВФ – асноўныя крэдыторы – шмат разоў заяўлялі пра неэфектыўнасць такога выдаткавання грошай. Урад Беларусі толькі часткова прыслухаўся да парадаў партнёраў. Цяпер распрацоўваецца праект указу дзеля ўніфікавання дзяржаўнага падтрымання калгасаў. Пра гэта ўчора на сустрэчы з жыхарамі Смалявіцкага раёну заявіў прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч. З ягоных словаў, ёсць прэцэдэнты, калі сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў, атрымаўшы грошы, нерацыянальна іх выкарыстоўвае, а пасля ізноў звяртаецца па дапамогу ў райвыканкам. Прэсавы сакратар ураду Аляксандр Цімашэнка патлумачыў, што праца над праектам новага ўказу, які будзе абмяжоўваць такія захады кіраўніцтва калгасаў, скончыцца цягам наступнага тыдня, пасля чаго праект перададуць на разгляд прэзідэнта. “Цяпер датацыі будуць вылучацца інакш, – тлумачыць спадар Цімашэнка, – выключна пад дзяржпраграмы. Гэта будуць свайго кшталту тэндэры. Перамагае найлепшае прадпрыемства, якое сябе добра зарэкамендавала”.

На меркаванне фермера Міхаіла Талая, ідэя чыноўнікаў выглядае добра. “Ужо даўно прыйшоў час адмовіцца ад бяздумнага ўлівання грошай у сельскую гаспадарку. Толькі рынкавыя ўмовы могуць вывсеці яе на належны ўзровень. А пакуль мы маем нелагічную сістэму, калі калгасам плацяць капейкі за іх прадукцыю, каб былі прымальныя кошты на малако ці мяса ў крамах для пакупнікоў. У выніку – стратны СПК, нізкія заробкі”, – лічыць ён. Канкурэнцыя за тэндэры можа падштурхнуць людзей працаваць эфектыўней. “Але па першым часе гэта ўспрымуць негатыўна, – лічыць фермер. – Людзі, якія дзесяцігоддзямі прызвычаіліся працаваць “праз раз”, пакуль не гатовыя да сапраўднай рынкавай эканомікі: колькі зрабіў – столькі і атрымаў”.

Стан сельскай гаспадаркі ў гэтым паўгоддзі пагоршыўся. Паводле афіцыйных звестак, запазычанасць сельскагаспадарчых арганізацыяў складае Br 26,9 трлн, у тым ліку Br 2,5 трлн – пратэрмінаваная. Ніжэй за сярэднерэспубліканскі ўзровень спрацавалі ў вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі Гомельская, Менская, Магілёўская вобласці, ў рэалізацыі жывёлы ды птушкі – Гомельская вобласць, у вытворчасці малака – Магілёўская і Менская вобласці.

belsat.eu

Стужка навінаў