Замежнікі актыўна скупаюць беларускія ягады


Чым бліжэй да канца сезону – тым вышэйшыя кошты.

Сярэдні кошт на чарніцы па краіне складаў 16 тыс. руб. за 1 кг. Аднак ягадаў у лесе засталося няшмат, таму закупачныя цэны павялічылі да 17–18 тыс. руб. Міжтым на «Маскоўскім рынку» сталіцы чарніцы ўчора прадавалі за 15 тыс. руб. У Бабруйскім раённым спажывецкім таварыстве патлумачылі, большасць прадукцыі пойдзе за мяжу. «Сёлета вялікая зацікаўленасць у немцаў, але і палякі ўжо звыкла скупаюць нашу ягаду, – кажа супрацоўніца аддзелу нарыхтоўкі Таццяна Піскун. – Рэч у тым, што за мяжою фактычна няма лясных чарніцаў. А садовыя ягады не маюць такога лячэбнага эфекту. Вось яны і закупляюць беларускія дары. Сёлета мы нарыхтавалі ўжо 60 тонаў чарніцаў».

У выніку раённае спажывецкае таварыства атрымлівае валюту, а людзям аплочваюць працу ў рублях. Такая сітуацыя задавальняе скупшчыкаў – на дэвальвацыі можна добра зарабіць, але не народ, для якога збор ягадаў – цяжкая праца. Распавядае Лілія Цівунчык: «Ягады мы збіраем штогод, але сёлета народу ў лесе значна больш, чым раней. Бо той, хто летась ягады купляў, як паглядзеў на цяперашні кошт (маліна – 30 тысяч рублёў за літр), яшчэ падумае, ці зможа аддаць такія грошы. На першы погляд можа падацца, што нічога складанага ў такой працы няма – прырода, цішыня, хадзі ды збірай, але калі гадзінаў восем нахілены паходзіш, дык вельмі стамляешся».

Нарыхтоўшчыкі звярнулі ўвагу, што сёлета да іхных сталых кліентаў дадалося шмат новых зборшчыкаў. Пераважна гэта пенсіянеры ці людзі, якія апынуліся без працы.

belsat.eu

Стужка навінаў