Класкоўскаму і Статкевічу забаранілі тэлефанаваць сваякам


З размовы з невядомым жонка Аляксандра Класкоўскага Наталля таксама даведалася, што “іх там трохі прасуюць”.

“Апошні раз Саша тэлефанаваў мне 4 ліпеня і папярэдзіў, каб у суботу ўвечары я была ў хаце, бо будзе званіць зноўку. У той дзень тэлефанавання я не дачакалася. Затое патэлефанаваў невядомы, які назваўся Аляксандрам са Шклова і паведаміў, што тэлефануе на просьбу мужа, каб папярэдзіць: да разгляду касацыі ім тэлефанаваць забаронена”, – распавяла “Белсату” Наталля Класкоўская.

Жонка вязня звяртае ўвагу на тое, што невядомы, адказваючы на ейныя пытанні пра Аляксандра, казаў у множным ліку: “іх”, “ім”. “Аляксандр са Шклова” заявіў Наталлі, што не ведае, чаму тэлефанаваць забаронена, аднак параіў не хвалявацца і сказаў, што “яны там трымаюцца бадзёра, хоць іх крыху і прасуюць”. “Незнаёмец таксама паведаміў, што акрамя ліста ад бацькі больш ніякіх лістоў Саша не атрымліваў. Але я яму шмат пішу, і ведаю, што і ён піша, аднак ягоныя лісты да нас не даходзяць”, – распавядае жанчына.

Наталля Класкоўская кажа, што звязвалася з жонкаю Міколы Статкевіча Марынаю Адамовіч, і тая паведаміла, што і Мікола даўно не тэлефанаваў. “Не разумею, чаму ім забаранілі тэлефанаваць, бо раней з гэтым праблемаў не было”, – зазначае Наталля. Яна спадзявалася пабачыць мужа на разглядзе касацыйнай скаргі, аднак адвакат заявіў, што надзея мізэрная: “І незнаёмец казаў, што яны дагэтуль у калоніі, у Менск іх не пераводзілі”. Наталля Класкоўская таксама адзначае, што да разгляду касацыі ў спатканні з мужам ёй адмовілі.

Касацыйныя скаргі на прысуд у справе Міколы Статкевіча, Аляксандра Класкоўскага, Дзмітрыя Вуса, Аляксандра Квяткевіча, Дзмітрыя Буланава, Андрэя Пазняка і Арцёма Грыбка Менскі гарадскі суд разгледзіць 19 ліпеня.

Акрамя Міколы Статкевіча і Аляксандра Класкоўскага ў Шклоўскай калоніі тэрміны за ўдзел у Плошчы адбываюць Дзмітрый Новік і Алег Гнедчык.

Стужка навінаў