Прысуд Дзмітрыю Бандарэнку пакінулі без зменаў


Такое рашэнне прыняў Менскі гарадскі суд.

“Прысуд застаўся той самы – два гады”, – паведаміла жонка асуджанага Вольга Бандарэнка пасля заканчэння судовага паседжання. “У нас была невялікая надзея на змяненне прысуду, бо Дзмітрый быў адзіны, каго асудзілі паводле 342 арт. Крымінальнага кодэксу (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і актыўны ўдзел у іх.). Але, урэшце, такое рашэнне з нагоды касацыйнай скаргі было чаканае”, – дадала Вольга.

Паводле Вольгі, пакуль не прызначаны дзень для аперацыі на хрыбетніку, якая патрэбная Бандарэнку. “Яго неабходна паставіць у спіс чакання на аперацыі. Як мне сказалі, існуюць цяжкасці з канваяваннем у шпіталь. Яму таксама запатрабуецца асобная палата з аховаю”, – сказала жонка палітыка.

Напрыканцы красавіка суд прыгаварыў Дзмітрыя Бандарэнку да 2 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Пасля леташняга затрымання ў снежні ў Бандарэнкі абвастрыліся хранічныя захворванні. У траўні яго агледзеў неўролаг, які заявіў, што зняволенаму патрэбная аперацыя. У чэрвені стан вязня пагоршыўся, Бандарэнку перавялі ў медсанчастку. Ён паўгода скардзіўся на боль, але марна. Цяпер нарэшце яму зрабілі МРТ, біяхімічны аналіз крыві ды паклалі ў медсанчастку. З-за кілы хрыбетніка ў яго распачаўся няпоўны паралюш правай нагі, ён цярпіць сталы боль. “Як ён мне напісаў, цяпер з’явіўся боль і ў левай назе”, – паведаміла Вольга Бандарэнка 4 чэрвеня.

Днямі стала вядома пра перавод Бандарэнкі ў Рэспубліканскі турэмны шпіталь на вул. Валадарскага. 13 ліпеня Вольга Бандарэнка атрымала ліст. “Муж паведаміў, што падпісаў згоду на аперацыю, і на наступным тыдні яго могуць перавесці ў 5-ю клініку. Ягоны стан здароўя дрэнны. Боль не мінуў, хоць ён столькі таблетак выпіў, уколы, кропельніцы… Ён не можа нармальна хадзіць”, – паведаміла жонка палітвязня.

belsat.eu

Стужка навінаў