Далейшы фармат акцыяў пратэсту вызначаць самі ўдзельнікі


Пра гэта заявіў адзін з ініцыятараў інтэрнэт-супольнасці “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку” Вячаслаў Дзіянаў.

“Людзі чакаюць новага фармату акцыяў – такога, які б іх задавальняў. Мы змянілі ўчора фармат акцыі ў Менску для бяспекі людзей, якія прасілі зрабіць так, каб было менш затрыманняў. Мы да гэтага прыслухаліся, і ўчора затрыманняў было значна менш, чым раней. Думаю, што фармат наступнай серады таксама будзе залежаць ад пажаданняў тых людзей, якія нам пішуць”, – сказаў Дзіянаў.

Пры гэтым ён падкрэсліў: ацэнку паспяховасці ініцыятывы “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку” неабходна рабіць не толькі на аснове колькасці ўдзельнікаў пратэсту. Так, адзначыў Дзіянаў, на ўчорашнюю акцыю не змаглі прыйсці людзі, якія адбываюць арышты на 10 і 15 дзён за ўдзел у папярэдніх акцыях маўклівага пратэсту.

“Шмат хто быў аштрафаваны і чакае, пакуль мы дапаможам ім выплаціць гэтыя штрафы, – дадаў Дзіянаў. – Мы стала працуем з нашымі карыстальнікамі для абмену інфармацыяй, збіраем сродкі дзеля выплаты штрафаў і на дапамогу тым, хто сядзіць”. Паводле словаў арганізатара інтэрнэт-супольнасці, сабрана ўжо больш за 20 млн рублёў. “Сродкі перададзеныя праваабаронцам. Усім тым, хто звярнуўся па дапамогу з выплатаю штрафу, дапамаглі”, – сказаў Дзіянаў.

“Калі гаварыць пра акцыі ў цэлым, то яны паспяховыя”, – лічыць ён.

Нагадаем, учорашняя акцыя маўклівага пратэсту была ўжо сёмаю. У Менску яна праводзілася ў новым фармаце. Удзельнікам было прапанавана сабрацца ў шасці буйных гандлёвых цэнтрах, размешчаных у розных мікрараёнах гораду, а затым накіравацца да найбліжэйшай станцыі метро, даехаць да плошчы Перамогі, Нацыянальнай Акадэміі навук і рухацца насустрач адзін аднаму, не пляскаючы, як гэта было падчас папярэдніх акцыяў, каб не правакаваць міліцыю. Як вынік, дзве групы людзей, якія ішлі насустрач адзін аднаму, сустрэліся на плошчы Якуба Коласа. Акцыя завяршылася а 20.00 звонам будзільнікаў на мабільных тэлефонах, пасля чаго распачалася актыўная фаза затрыманняў.

belsat.eu

Стужка навінаў