Каця Самбука заплаціць за парнаграфію ў Менску?


Экспертная камісія перадухілення прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці знайшла парушэнні ў выступе расейскай спявачкі.

Паводле старшыні камісіі Ніны Фральцовай, аналіз выступу і экспертную ацэнку ўжо перадалі ў міліцыю. «Парушэнні беларускага заканадаўства навідавоку, – кажа яна. – Я ўвогуле не разумею, як яе дапусцілі да выступу! Арганізатары канцэрту мусілі загадзя звярнуцца да нашай камісіі, каб не было такіх наступстваў».

Аднак акурат паводле беларускага заканадаўства зварот да экспертнай ацэнкі не ёсць абавязковым. Рашэнне камісіі мае толькі рэкамендацыйны характар.

У прэсавай службе Міністэрства ўнутраных справаў паведамілі, што крымінальную справу паводле гэтага факту пакуль не завялі: «Расследуюцца ўсе абставіны выступу Каці Самбукі, які ўдзел у рыхтаванні мелі арганізатары. Абвінавачванне будзе выстаўленае шэрагу асобаў, якія дапусцілі гэты выступ».

Паводле беларускага заканадаўства, абвінавачаным можа пагражаць штраф, грамадскія працы або нават пазбаўленне волі на тэрмін да чатырох гадоў.

У начным клубе «Broadway», які, дарэчы, належыць набліжанаму да прэзідэнта бізнесоўцу Юрыю Чыжу, кажуць, што і не думалі пра такія наступствы. «Усе гледачы загадзя ведалі, што гэта імпрэза «для дарослых». Мы не маем ніводнай скаргі ад удзельнікаў вечарыны», – паведамілі ў клубе. Разбіранне ініцыяваў Мікалай Чаргінец – міліцыянт-пісьменнік і старшыня Камітэту маральнасці.
«На маю думку, такія канцэрты ў любой краіне вядуць да дэградацыі грамадства. Я разумею: інтым дваіх людзей – гэта нармальнае, так бы мовіць, развіццё жыцця. Але калі праводзяцца вось такія пошлыя нумары, калі дама імітуе ўсё, што заўгодна, што не павінна была нават блізка, то гэта выклікае не толькі пачуццё пратэсту, а проста пачуццё агіды і нізасці нораваў асобных нашых дзеячаў культуры, калі можна іх так назваць. Таму, вядома, вельмі непрыемна, што такую культуру спрабуюць укараніць і ў беларускае грамадства», – заявіў аўтар раману «Таямніца авальнага кабінета», дзе апісаныя сцэны эратычнага і нават парнаграфічнага характару. Нягледзячы на гэта, ягоная кніга, якую выпусціла дзяржаўнае выдавецтва «Мастацкая літаратура», свабодна прадаецца ў кнігарнях краіны.

belsat.eu

Стужка навінаў