Урад спадзяецца на МВФ і шукае крэдытаў у Кітаі


Міжнародны валютны фонд можа даць крэдыт, калі ў Беларусі пачнуцца макраэканамічныя рэформы, паведаміў 24 чэрвеня журналістам міністр фінансаў Андрэй Харкавец.

Ён распавёў, што Беларусь вядзе працу над прыцягненнем у краіну крэдытных рэсурсаў. Апрача атрыманага траншу з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС разглядаюцца іншыя магчымасці, у тым ліку дапамога з боку Кітая. Як зазначыў міністр фінансаў, гэта будзе “не дзяржаўнае запазычанне, а іншыя, але цалкам цывілізаваныя формы”. Падрабязнасцяў ён не паведаміў, спаслаўшыся на рабочы працэс перамоваў.

“Адносна МВФ пытанне не ў суме. Пытанне ў тым, наколькі здолеем скарэктаваць макраэканамічную палітыку. Калі захады, якія мы будзем рэалізоўваць у эканоміцы, структурныя рэформы, будуць дастаткова прадуктыўныя, безумоўна, МВФ дасць фінансавую падтрымку”, – дадаў Харкавец.

З словаў міністра фінансаў вынікае, што МВФ патрабуе таго ж, чаго і Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС, толькі на больш сур’ёзным узроўні: “Мы не ўбачылі нечаканых прапановаў ад МВФ па карэкціроўцы макраэканамічнай палітыкі. Цалкам лагічна, што той набор захадаў, якія мы рэалізуем з Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС, з якасна іншымі адрозненнямі можна рэалізаваць і з МВФ. Тут пытанне ў глыбіні гэтых захадаў і ацэнцы іх эфектыўнасці з боку МВФ”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары