У гімназіі трапіць гэтак жа складана, як і ў ВНУ


У краіне скончыўся набор у гімназіі. Сёлета змяніліся ўмовы паступлення.

“Школьнікаў прымалі на конкурснай аснове – па выніках уступных выпрабаванняў па трох прадметах (матэматыка, руская і беларуская мовы). А залічалі, улічваючы адзнакі, атрыманыя на ўступных выпрабаваннях, і гадавыя адзнакі за чацвёрты клас па прадметах, па якіх праводзіліся ўступныя выпрабаванні, – патлумачыў старшыня аддзелу адукацыі Менгарвыканкаму Уладзімір Шчэрба. – Такім чынам, максімальная сума балаў, якую мог набраць школьнік, склала 60. Іспыты былі складаныя, канкурэнцыя высокая”.

Раней залічэнне ў гімназіі ажыццяўлялася толькі па трох адзнаках, атрыманых на ўступных выпрабаваннях.

У выніку конкурс у Менску склаў 2,5–3 чалавекі на адно месца. “Гэта сярэдні конкурс у прэстыжным універсітэце. Ад малодшых школьнікаў ужо патрабуюць як ад студэнтаў, – кажа рэпетытар фізікі і былы выкладчык у сярэдняй школе Антон Клімовіч. – У сталіцы гімназіяў хапае, але зараз мода такая пайшла – аддаваць дзіця ва ўстанову адукацыі з паглыбленым вывучэннем навук. Хоць далёка не кожнае дзіця можа маральна і інтэлектуальна вытрымаць канкурэнцыю. Дый статус гімназіі не гарантуе дакладнага паступлення ў ВНУ. Найбольш гэта залежыць ад самога вучня. Да таго ж выкладчыцкі склад гімназіі не на 100 % складаецца з педагогаў вышэйшай катэгорыі”.

Сталічныя ўлады абяцаюць з новага навучальнага года адкрыць яшчэ дзве гімназіі, каб колькасць гімназістаў магла павялічыцца.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары