У літоўскім Сейме выступілі супраць павелічэння тэрміну дзеяння ВНЖ для беларусаў


Камітэт літоўскага парламенту ў справе нацыянальнай бяспекі і абароны рэкамендаваў адхіліць прапанову міністаркі ўнутраных справаў Агне Білатайце аб павелічэнні для замежнікаў тэрміну дзеяння віду на жыхарства (ВНЖ) з 1 да 3 гадоў. Пра гэта паведамляе «Позірк».

Сваю папраўку ў закон «Аб прававым статусе замежнікаў» Білатайце аргументавала тым, што ВНЖ выдаецца ў асноўным грамадзянам Беларусі, якія ўцякаюць ад рэжыму. Пры гэтым сітуацыя ў краіне працяглы час не мяняецца, таму яны не могуць вярнуцца на радзіму пасля заканчэння года і вымушаныя падаваць новую заяўку на падаўжэнне ВНЖ. На думку міністаркі, павелічэнне тэрміну дзеяння гэтага дакументу дазволіла б пазбегчы нязручнасцяў, выкліканых неабходнасцю часта яго мяняць, а дэпартамент міграцыі пры МУС зэканоміў бы адміністрацыйны рэсурс на апрацоўванне заяваў.

Аднак, на думку парламенцкага камітэту, «ва ўмовах дынамічнага павелічэння колькасці беларускіх грамадзянаў у Літве, паралельных дыскусіяў у грамадстве і Сейме наконт узмацнення для іх жорсткасці нацыянальных абмежавальных захадаў прапанова аб лібералізацыі права на жыхарства ў Літве з гуманітарных меркаванняў носіць паспешны характар і можа стварыць негатыўныя прэцэдэнты ў будучыні».

Супраць ініцыятывы Білатайце прагаласавалі чатыры сябры камітэту, за – два, яшчэ два, у тым ліку яго кіраўнік Лаўрынас Касчунас, устрымаліся.

Чарговае пленарнае паседжанне Сейму пройдзе 31 кастрычніка. На парадку дня пытання аб ВНЖ для замежнікаў няма.

Hавiны
Літва працягне прымаць дакументы на ВНЖ ад беларусаў з пратэрмінаванымі пашпартамі
2023.09.07 23:14

Ініцыятыва МУС Літвы мела важнае значэнне для беларусаў у тым ліку таму, што ў верасні Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 278 «Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў». У адпаведнасці з гэтым дакументам дыпламатычныя місіі перастануць выдаваць беларусам за мяжою новыя пашпарты і працягваць дзеянне старых.

Разбор
Што трэба ведаць пра адмову выдаваць і працягваць беларускія пашпарты за мяжой
2023.09.05 19:21

Глеб Нержын belsat.eu

 

Стужка навінаў