Tribuna.com: у сілавікоў узніклі пытанні да бацькі Максіма Мірнага


Некаторы час таму ў сілавікоў узніклі падатковыя пытанні да бацькі Максіма Мірнага Мікалая, які курыруе працу некалькіх кампаніяў сямейнага бізнесу: ПУП «Мірны тэніс», ТАА «Мірны фітнес-цэнтр», ПУП «Мірны цэнтр». Пра гэта піша Tribuna.com.

Дэталяў выданне не падае.

У жніўні 2020 года Максім Мірны ў сваіх сацсетках апублікаваў допіс, у якім выступіў супраць гвалту сілавікоў і заклікаў міжнародную супольнасць дапамагчы спыніць беззаконне ў Беларусі. Пазней допіс быў выдалены з ягонай старонкі, а сам тэнісіст некалькі гадоў не рабіў публічных заяваў, жыў у ЗША і не наведваў Беларусь.

У кастрычніку 2023 года Мірны вярнуўся ў краіну і заявіў, што шкадуе аб тым, якую пазіцыю заняў у 2020 годзе. Тэнісіст спаслаўся на тое, што падчас пандэміі ў яго памерлі двое чальцоў сям’і – сястра бацькі і сястра маці. Гэтую трагедыю ён цяжка перажываў, а потым «здарыліся нашыя выбары 2020 года». «Я не справіўся. Я жывы чалавек. Мы ўсе схільныя рабіць памылкі. Я шкадаваў пра свой эмацыйны выступ», – падкрэсліў ён.

Мірны таксама пахваліў «міралюбную» палітыку беларускай дзяржавы і раскрытыкаваў абмежаванні, уведзеныя супраць беларускага спорту.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў