news
Аналітыка
Як санкцыі паўплывалі на заробкі дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі? Лічым у чызбургерах
Заводы перамаглі санкцыі? Больш падобна да нічыёй.
01.11.202312:25

Улады Беларусі даўно заяўляюць, што «санкцыі не страшныя», «санкцыі мы перамаглі». А як абмежаванні адбіваюцца на заробках падсанкцыйных прадпрыемстваў? «Белсат» паглядзеў, што было да і пасля санкцыяў, параўнаў з сярэднімі заробкамі і напаўсур’ёзным індыкатарам пакупніцкай здольнасці.

Заробак у чызбургерах
Заробак у чызбургерах. Ілюстрацыя згенераваная нейрасеткай. Выява: Dall-E / Bing

Што на падсанкцыйных прадпрыемствах

Менскі аўтамабільны завод да ўвядзення санкцыяў, у красавіку 2021 года, прапаноўваў  электраманцёру ў мантажным цэху 1000 рублёў, цяпер абяцае плаціць 1500 за тую ж працу. Да санкцыяў гэта было 83 % сярэдняга заробку па краіне, цяпер – 90 %. Ды да санкцыяў на заробак электраманцёра мантажнага цэху МАЗу можна было купіць 416 чызбургераў, цяпер – толькі 405.

Заробкі на іншых вакансіях МАЗу, іх суадносіны да сярэдняга заробку (СЗ) і вартасць заробку ў чызбургерах (ЧБ) змяніліся так.

Электраманцёр у аўтатранспартным цэху: 700 → 1200 рублёў. СЗ: 58 % → 72 %. ЧБ: 291 → 324.

Маляр па метале: 1000 → 1300 рублёў. СЗ: 83 % → 78 %. ЧБ: 416 → 351.

Кіроўца-выпрабавальнік: 1100 → 1750 рублёў. СЗ: 91 % → 105 %. ЧБ: 458 → 472.

Мантажнік санітарна-тэхнічных сістэмаў аўтатранспартнага цэху: 600 → 1000 рублёў. СЗ: 50 % → 60 %. ЧБ: 250 → 270.

Менскі трактарны завод да санкцыяў абяцаў шэрагу звычайных рабочых спецыяльнасцяў заробкі «ад 1500 рублёў», цяпер прапаноўвае «ад 2000». Было 125 % сярэдняга заробку, стала 120 %, і было 625 чызбургераў, стала 540.

А ў сельскагаспадарчым цэху МТЗ у Гайне заробкі з увядзення санкцыяў не змяніліся: як прапаноўвалі 600–800 рублёў у красавіку-2021, так і абяцаюць дагэтуль. Толькі тады гэта было 50–67 % СЗ, а цяпер 36–48 % СЗ, і было 250–333 чызбургеры, а засталося 162–216.

На электрамеханічным заводзе «Агат» змены такія.

Наладчык халодна-штампавальнага абсталявання: 1100 → 1300 рублёў. СЗ: 91 % → 78 %. ЧБ: 458 → 351.

Слесар-інструментальнік: 1300–1500 → 1300–1400 рублёў. СЗ: 108–125 % → 78–84 %. ЧБ: 541–625 → 351–378.

Токар: 1300 → 1550 рублёў. СЗ: 108 % → 93 %. ЧБ: 541 → 418.

Каментар
ВУП Беларусі расце, але коштам гэтага росту стане дэвальвацыя і інфляцыя
2023.07.31 15:46

Нам не ўдалося адшукаць, колькі плацілі на «Нафтане» непасрэдна перад захопам самалёта і санкцыямі, але знайшліся заробкі за тры дні да выбараў-2020 – старонка, захаваная 6 жніўня 2020 года, на якой дзве вакансіі супадаць з цяперашнімі. Улічваем сярэдні заробак і цану чызбургера ў жніўні-2020.

Кантралёр кантрольна-прапускнога пункту: 444 → 881 рублёў. СЗ: 40 % → 53 %. ЧБ: 222 → 238.

Інжынер тэхнічнага нагляду за будаўніцтвам: 1070 → 1508 рублёў. СЗ: 97 % → 90 %. ЧБ: 535 → 407.

Што на непадсанкцыйных

Для параўнання адшукалі тым жа чынам змены ў заробках на некалькіх пасадах у прадпрыемствах, што не трапілі пад санкцыі.

Сушыльнік папераробнай машыны на папяровай фабрыцы «Спартак» (красавік-2021 → кастрычнік-2023): 406 → 599 рублёў. СЗ: 34 % → 36 %. ЧБ: 169 → 161.

Інжынер-тэхнолаг на «Белгазмедтэхніцы» (травень-2021 → кастрычнік-2023): 1000 → 1400 рублёў. СЗ: 82 % → 84 %. ЧБ: 416 → 378.

Інжынер-канструктар на «Белгазмедтэхніцы» (травень-2021 → кастрычнік-2023): 1000 → 1500 рублёў. СЗ: 82 % → 90 %. ЧБ: 416 → 405.

Упакоўшчык-укладчык на кандытарскай фабрыцы «Камунарка» (ліпень-2021 → кастрычнік-2023): 850 → 1155 рублёў. СЗ: 67 % → 69 %. ЧБ: 340 → 312.

Што гэта значыць

Нельга ўпэўнена сказаць, што «заводы перамаглі санкцыі» або наадварот – больш падобна да нічыёй. Заробкі на прадпрыемствах не абваліліся ад увядзення санкцыяў, але выраслі нязначна. У шэрагу выпадкаў рост заробкаў магла «з’есці» інфляцыя. Нават калі лічыць не ў чызбургерах, а паводле афіцыйнай інфляцыі (якая ніжэйшая за рост цэнаў на чызбургеры), «агатаўцы» і аграрыі МТЗ збяднелі. Але рабочыя МАЗу і «некалгаснай» часткі МТЗ, калі лічыць з папраўкай на афіцыйную інфляцыю, сталі багацейшыя, тады як з папраўкай на «чызбургерную» інфляцыю вынікі неадназначныя.

Як мы гэта палічылі, чаму не «індэкс бігмаку» і дзе нармальная статыстыка

Некалі дзяржаўныя прадпрыемствы Беларусі расказвалі пра сярэднія заробкі ды пра колькасць супрацоўнікаў. Так не робяць ужо пэўны час. З афіцыйных фінансавых і бухгалтарскіх справаздачаў можна даведацца шмат чаго, нават колькасць жывёлы на адкорме Менскага трактарнага заводу (9291 на 30 ліпеня 2022 года), але толькі не заробкі і колькасць працаўнікоў.

Хіба Нацыянальны статыстычны камітэт публікуе сярэднія заробкі з разбіўкай па відах эканамічнай дзейнасці. Ды лічбы Белстату выклікаюць пытанні: заробкі-то растуць, але беларусы не багацеюць, а названых Белстатам заробкаў многія працаўнікі не бачаць у сваіх кішэнях. На сайтах вакансіяў звычайна прапаноўваюць заробкі, адчувальна ніжэйшыя за «сярэдні белстатаўскі». Нават на больш за палову вакансіяў на пасаду «дырэктар» абяцаюць заробак, ніжэйшы за «белстатаўскі сярэдні».

Hавiны
Як выглядае кадравы голад: у Менскай вобласці шукаюць дырэктараў для 41 дзяржаўнай кампаніі
2023.10.29 18:47

Так ці іначай, важна памятаць, што Белстат называе сярэдні налічаны заробак да вынятку падаткаў і збораў – ад яго трэба адняць 13 % на падаткі і 1 % на Фонд сацыяльнай абароны. Таксама варта ўлічваць, што працадаўца можа ў выпадку адсутнасці працы не звальняць людзей і не змяншаць іхныя афіцыйна пазначаныя заробкі, а проста пераводзіць на няпоўны працоўны дзень або скарочаны тыдзень.

Санкцыі адносна беларускіх кампаніяў пачалі ўводзіць у чэрвені 2021 года – пасля захопу самалёта «Ryanair» у траўні таго ж года. «Белсату» ўдалося знайсці вакансіі, ідэнтычныя цяперашнім, у красавіку-2021. Тады сярэдні заробак (мінус 14 % на падаткі і зборы) складаў 1202,45 рубля, а найсвяжэйшыя лічбы на сёння – 1668,23 рубля ў верасні-2023. Чызбургер тады каштаваў 2,4 рубля, а цяпер – 3,7 рубля.

«Белсат» паглядзеў у «Web Archive», якія заробкі прапаноўвалі ў вакансіях падсанкцыйных прадпрыемстваў да ўвядзення санкцыяў – і якія прапаноўваюць цяпер. Узялі вакансіі толькі на ідэнтычныя пасады. Напрыклад, ГТФ «Нёман» да санкцыяў шукала бармена, рабочага для абслугоўвання лазні і інжынера паляўнічай гаспадаркі, а цяпер менавіта такіх вакансіяў няма, таму заробкі на гэтых пасадах параўнаць не выйдзе. Аналізуем тое, што ёсць.

Інфаграфіка
Гэта не «ў іх цэны растуць», а ў нас. Паглядзелі, што падаражэла, а што патаннела ў Беларусі
2023.08.14 21:36

Паводле афіцыйных звестак, інфляцыя з красавіка-2021 да верасня-2023 склала 22,93 %. Але цэны на шматлікія тавары ў Беларусі штучна стрымліваюць (гэта не вельмі дапамагае), ды і афіцыйным лічбам інфляцыі давяраюць не ўсе.

Яшчэ ў 1980-х брытанскі часопіс «The Economist» прыдумаў «Індэкс бігмаку»: гэты бургер з «McDonald’s» сустракаецца ў большасці краінаў свету, мае шмат інгрэдыентаў, а ягоная цана ўключае выдаткі на працу мноства людзей, таму можна прыблізна параўнаць з дапамогаю бігмакаў цэны ў розных краінах.

У Беларусі менавіта бігмакі ўжо не прадаюцца, бо замест рэстарацыяў «McDonald’s» цяпер «Mak.by», а замест бігмаку ў іх бігбургер, які моцна адрозніваецца складам і каларыйнасцю. Затое не змяніліся склад, каларыйнасць і назва чызбургера. Па ім і параўналі пакупніцкую здольнасць.

Агляд
BEROC: налета цэны ў Беларусі будуць расці хутчэй, чымся сёлета, а заробкі – павольней
2023.10.26 14:44

Алесь Наваборскі belsat.eu