Завяршаюцца перамовы наконт продажу «Белтрансгазу»


Пра гэта 27 траўня ў падмаскоўным Нова-Агарова заявіў прэм’ер-міністр Расейскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін. Ён сказаў, што перамовы наконт павелічэння долі «Газпрому» ў беларускім «Белтрансгазе» да 100 % хутка скончацца станоўча.

«Бліжэйшым часам можа быць прынятае рашэнне, – зазначыў Пуцін. – У цэлым нядрэнна набыць, але не абавязкова. Думаю, беларускі бок зацікаўлены».

«Калі «Газпром» будзе 100-адсоткавым уладальнікам «Белтрансгазу», то ён будзе больш упэўнена інвеставаць у развіццё газатранспартнай сістэмы Беларусі», – абнадзеіў беларусаў прэм’ер-міністр Расеі.

Раней крыніца ў беларускіх органах дзяржаўнага кіравання паведаміла журналістам, што Беларусь падрыхтавала праект пагаднення аб продажы належных дзяржаве 50 % акцыяў ААТ «Белтрансгаз». Паводле крыніцы, беларускі бок разлічвае падпісаць дакумент у пакеце з пагадненнем пра ўмовы пастаўкі і транзіту расейскага газу.

Крыніца нагадала, што намер купіць акцыі «Белтрансгазу» быў абвешчаны прэм’ер-міністрам Расеі сёлета ў сакавіку на паседжанні саюзнага Савету Міністраў. Расейскі бок выказаў зацікаўленасць у набыцці 50 % акцыяў «Белтрансгазу» за 2,5 млрд даляраў. Пры гэтым Пуцін папрасіў беларускі бок не навязваць Расеі якіх-небудзь дадатковых умоваў.

Тэрміны продажу газатранспартнага прадпрыемства пакуль не вызначаныя.

belsat.eu

Стужка навінаў