Пакуль ёсць палітвязні – інвестыцыяў для Лукашэнкі не будзе


Еўрапейскі банк рэканструкцыі ды развіцця (ЕБРР) перагледзеў прынятую ў снежні 2009 г. краінавую стратэгію ў дачыненні Беларусі ды адмовіўся ад планаваных праектаў у дзяржаўным энергетычным сектары. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным паведамленні на сайце ЕБРР.

“У сувязі з неспрыяльным развіццём палітычнай сітуацыі ў Беларусі пасля выбараў у снежні 2010 г. і далейшаю заклапочанасцю міжнароднай супольнасці з нагоды стаўлення [уладаў] да палітычнай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці ды незалежных медыяў рада дырэктараў ЕБРР вырашыла перагледзець аперацыйнае стаўленне банку да Беларусі ў межах існай стратэгіі”, – гаворыцца ў паведамленні.

У выніку перагляду краінавай стратэгіі дзейнасць ЕБРР у Беларусі будзе абмежаваная праектамі, якія адпавядаюць наступным крытэрам: “развіццё прыватнага сектару, падтрыманне беларускага народу, адмова ад фінансавага і тэхнічнага падтрымання уладаў Беларусі, павышэнне экалагічных стандартаў”.

Пры гэтым адзначаецца, што “ў Беларусі банк працягне надаваць першаснае значэнне развіццю прыватнага сектару, у тым ліку праз сістэму мікракрэдытавання”. “Банк сканцэнтруецца на праектах, якія паляпшаюць умовы жыцця беларускіх людзей. Не – падтрыманню беларускай цэнтральнай улады: ніякага падтрымання, фінансавага або тэхнічнага, не будзе аказана ўладам Беларусі ніякім спосабам”, – падкрэсліваецца ў паведамленні.

У адпаведнасці з перагледжанаю стратэгіяй ЕБРР адмаўляецца ад запланаваных інвестыцыяў у праекты ў дзяржаўным энергетычным сектары, у тым ліку адносна аднаўляльных крыніцаў энергіі ды ў сферы транспартнай інфраструктуры.

belsat.eu

Стужка навінаў