Літва хоча абмежаваць дзеянні Беларусі і Расеі ў Інтэрполе


Беларусь і Расея выкарыстоўваюць Інтэрпол у палітычных мэтах, мяркуе міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце. На 91-й Генеральнай асамблеі Інтэрполу ў Вене 29–30 лістапада яна заклікала арганізацыю спыніць гэта.

Агне Білатайце і генеральны сакратар Інтэрполу Юрген Шток.
Фота: vrm.lrv.lt

Літва асуджае выкарыстанне міжнародных прававых інструментаў для палітычна матываванага пераследу і просіць Інтэрпол падтрымаць гэтае пытанне. Раней беларускае бюро Інтэрполу атрымлівала папярэджанне за абвяшчэнне ў вышук палітычных апанентаў.

«Інтэрпол павінен зрабіць усё магчымае, каб недэмакратычныя дзяржавы, як Расея ці Беларусь, не выкарыстоўвалі сяброўства ў арганізацыі для дасягнення сваіх уласных палітычных мэтаў. Міжнародная супольнасць не можа мірыцца са злоўжываннем каналамі Інтэрполу для пераследу грамадзянаў сваіх ды іншых краінаў у палітычных мэтах», – адзначыла Білатайце.

Генеральная асамблея таксама прыме рашэнне наконт прапановаў Расеі і Беларусі, супраць якіх выступае Літва.

«Мы заўважаем, што Расея і Беларусь заўсёды шукаюць спосабы навязаць сваю палітычную волю. Гэтая Генеральная асамблея не выключэнне, і праекты рэзалюцыяў, прапанаваныя гэтымі краінамі, добра ілюструюць гэта. Мы павінны зрабіць так, каб ніводная з гэтых прапановаў не была прынятая», – адзначыла міністарка Білатайце.

Раней Беларусь і Расея прэзентавалі свае рэзалюцыі. Расея хоча, каб сябры Інтэрполу маглі выйсці з арганізацыі толькі на ўласнае жаданне. Гэта супярэчыць рэзалюцыі, прапанаванай Украінай і прынятай на Генеральнай асамблеі 2022 года.

«Расея цалкам ігнаруе дыскусіі ў працоўнай групе пра магчымасці прыпыніць дзейнасць дзяржаваў-чальцоў, якія злоўжываюць правам», – адзначаюць у МЗС Літвы.

А Беларусь прапануе, каб Інтэрпол публікаваў свае неправераныя справаздачы. Абгрунтоўваецца гэта тым, што тэрміны правярання задоўгія.

Такая публікацыя дазволіць выкарыстоўваць двухбаковыя дачыненні, каб дзеяць на падставе неправераных паведамленняў, мяркуе Білатайце.

Артыкулы
ByPol апублікаваў расследаванне пра выкарыстанне Міжнароднай паліцыі рэжымам Лукашэнкі
2021.10.11 10:38

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў