«Zui», Ваданосава, «Relikt», «:В:N:». Паглядзіце, як прайшла 28-я «Бардаўская восень»


На Падляшшы 27-29 кастрычніка прайшоў XXVIII фестываль «Бардаўская восень». Гэта адзіны ў Падляскім ваяводстве Польшчы і адначасова найстарэйшы ў свеце фестываль, які прадстаўляе бардаўскую ды аўтарскую песню на беларускай мове.

Спектакль «Святло ў цемры» рэжысёра Андрэя Саўчанкі на фестывалі беларускай бардаўскай ды аўтарскай песні «Бардаўская восень» у тэатры лялек. Беласток, Польшча. 29 кастрычніка 2023 года.
Фота: Белсат

Прэм’ера спектаклю «Святло ў цемры» рэжысёра Андрэя Саўчанкі сабрала поўную залу гледачоў. Гэта супольны праект тэатру «Тутэйшыя» і фонду «Тутака». Рэжысёр Андрэй Саўчанка звярнуўся да тэмы Ночы расстраляных паэтаў – падзеі, якая пакінула велізарны трагічны след у беларускай культуры, калі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года НКВД расстраляў каля 130 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі.

Спектакль «Святло ў цемры» рэжысёра Андрэя Саўчанкі на фестывалі беларускай бардаўскай ды аўтарскай песні «Бардаўская восень» у тэатры лялек. Беласток, Польшча. 29 кастрычніка 2023 года.
Фота: Белсат
Спектакль «Святло ў цемры» рэжысёра Андрэя Саўчанкі на фестывалі беларускай бардаўскай ды аўтарскай песні «Бардаўская восень» у тэатры лялек. Беласток, Польшча. 29 кастрычніка 2023 года.
Фота: Белсат

Акрамя спектаклю, гледачоў чакала прэм’ера беларускамоўнай праграмы «Арка» музычнага праекту «Zui». У яго складзе Алена Зуй-Вайцяхоўская і Міхась Зуй. Пра гэты праект мы папрасілі расказаць самога Міхася Зуя.

«Праграму «Арка» мы падрыхтавалі адмыслова на «Бардаўскую восень!» А вось гурт «Zui» існуе даволі даўно ў разных інкарнацыях. Першая інкарнацыя была разам з паплечнікамі па гурце «Дзецідзяцей» Змітром Есяневічам, купалаўцам Андрэем Дробышам і двума хлопцамі, выдатнымі музыкамі з гурта «НагУаль» Леанідам Паўлёнкам і Юрыем Навуменкам, – з імі мы стварылі альбом «Вопрос», музычным прадзюсарам яго быў Віталь Кулеўскі. Гэты альбом мы выпусцілі ў 2016 годзе. І пасля выхаду гэтага расейскамоўнага альбому пачалі старацца рабіць песні на беларускай мове. Гэтым вераснем і жніўнем мы ўсе нашыя занатоўкі паднялі, сабралі і самі адчулі, што ствараецца нейкая праграма, яна звязаная нейкім адным настроем. Цяпер гурт «Zui» – гэта толькі два чалавекі. Настрой песень стаў менш пазітыўным, больш такім змрочна іранічным. Гэта такая рэфлексія на адчуванне вымушанага пакідання радзімы. Гэта альбом пра пачуцці нармальнага жывога чалавека», – распавёў «Белсату» Міхась Зуй.

Музычны гурт «Zui» выступае на фестывалі беларускай бардаўскай ды аўтарскай песні «Бардаўская восень» у тэатры лялек. У складзе гурта Міхась Зуй і Алена Зуй-Вайцяхоўская. Беласток, Польшча. 29 кастрычніка 2023 года.
Фота: Белсат
Музычны гурт «Zui» выступае на фестывалі беларускай бардаўскай ды аўтарскай песні «Бардаўская восень» у тэатры лялек. На здымку – Алена Зуй-Вайцяхоўская. Беласток, Польшча. 29 кастрычніка 2023 года.
Фота: Белсат

Значная частка праграмы была прысвечаная Надзеі Артымовіч – паэтка, пісьменніца, перакладчыца была сталаю ўдзельніцаю «Бардаўскай восені». На жаль, культурная дзяячка памерла сёлета 3 кастрычніка ва ўзросце 77 гадоў. Ейныя вершы неаднойчы апрацоўваліся музычна ды прэзентаваліся падчас «Бардаўскай восені». Алег Кабзар – мастак і музыка – адзін з нешматлікіх, каму ўдалося спалучыць вершы Надзеі з музыкай, ствараючы гарманічную стылістычную цэласнасць. Іхны супольны праект «Бераг» быў прадстаўлены ў 2010 годзе падчас фэсту. Спяваў Алег і цяпер ды цёпла згадаў памяць Надзеі Артымовіч.

Таксама ўдзельнікамі фэсту сталіся Кацярына Ваданосава, гурт «Relikt» і непараўнальны Зміцер Вайцюшкевіч.

Апошнім акордам «Бардаўскай восені – 2023» быў выступ рок-гурта «:В:N:».

Музычны гурт «:В:N:» выступае на фестывалі беларускай бардаўскай ды аўтарскай песні «Бардаўская восень» у тэатры лялек. Беласток, Польшча. 29 кастрычніка 2023 года.
Фота: Белсат
Музычны гурт «:В:N:» выступае на фестывалі беларускай бардаўскай ды аўтарскай песні «Бардаўская восень» у тэатры лялек. Беласток, Польшча. 29 кастрычніка 2023 года.
Фота: Белсат

«Бардаўская восень» адбываецца на Падляшшы з 1993 году. У часе пандэміі COVID-19 фэст два гады стаяў на паўзе, але ў 2022 годзе зноў вярнуўся. Традыцыйна ён праводзіцца ў некалькіх гарадах рэгіёну. Гэтым разам імі былі Бельск-Падляскі, Орля і Беласток. Адным з інфармацыйных партнёраў фестывалю выступіў «Белсат».

Арганізатарам імпрэзы выступіў фонд Tutaka.

АЗ belsat.eu

Стужка навінаў