Ад кветак на магілу да віртуальнага пахавання. Якія рытуальныя паслугі ў Беларусі можна замовіць онлайн?


Шмат беларусаў, якім небяспечна ехаць на радзіму, пакутуюць ад пачуцця віны, што не могуць наведаць могілкі сваіх блізкіх, добраўпарадкаваць іх. Гэты стан асабліва абвастраецца ў такі дзень згадвання памерлых, як Дзяды, якія адзначаюцца 2 лістапада. На дапамогу могуць прыйсці людзі і фірмы, якія за грошы выканаюць любое жаданне – ад ускладання кветак і фотасправаздачы з могілак да пошуку і аднаўлення закінутага пахавання. Апошнім часам такіх паслугаў у Беларусі зрабілася вельмі шмат. Сярод прапановаў у інтэрнэце мы знайшлі ў тым ліку арганізацыю жывой онлайн-трансляцыі з пахавання.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Закон абавязвае сваякоў памерлага даглядаць магілу

Забяспечыць добраўпарадкаванне магілаў сваякоў, памерлых у Беларусі, цяпер не праблема з любой кропкі свету. Праз запыт «догляд магілаў» «Google» выдае адразу некалькі дзясяткаў прапановаў па ўсёй краіне. Большасць з гэтых фірмаў і індывідуальных прадпрымальнікаў прадугледзела розныя каналы сувязі і аплаты ды нават кошты піша ў доларах і еўрах, каб было зручней для тых, хто за мяжой. Мы вывучылі першыя прапановы са спісу пашукавіка.

ТАА «Спатоля» на сайце grave.by прапаноўвае догляд могілак амаль па ўсёй Беларусі, а таксама шукае арганізацыі і ІП, якія маглі б стаць партнёрамі, каб такім чынам пашырыць геаграфію працы.

Кампанія зазначае, што ўчасткі з сямейнымі пахаваннямі звычайна трэба даглядаць 2-3 разы на год, а таксама нагадвае, што парадак на могілках – гэта не толькі праява павагі і клопату пра памерлых сваякоў, але і патрабаванне беларускага заканадаўства.

Правілы ўтрымання і добраўпарадкавання месцаў пахавання прапісаныя ў Пастанове № 17 Міністэрства ЖКГ Рэспублікі Беларусь ад 10 чэрвеня 2016 года. Згодна з гэтым дакументам, на органы ЖКГ ускладаецца адказнасць за арганізацыю і ўтрыманне ў належным выглядзе месцаў агульнага карыстання на могілках (пешаходныя дарожкі, клумбы і газоны, пад’езды да месцаў пахавання, месцы для збору адкідаў, агароджа могілак і інш.). А клапаціцца непасрэдна пра магілы павінны блізкія памерлага.

У адпаведнасці з арт. 22 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб пахаванні і пахавальнай справе» не радзей чым раз на тры гады на могілках у абавязковым парадку праводзіцца інвентарызацыя пахаванняў. Падчас гэтага закінутымі могуць быць прызнаныя не толькі тыя магілы, на якіх не прыбраная трава, але і тыя, дзе помнікі і іншыя збудаванні прыйшлі ў разбураны стан і не падлягаюць аднаўленню. Па гэтых фактах складаецца прадпісанне, якое накіроўваецца на адрас арганізатара пахавання. На выпраўленне сітуацыі даецца два гады. Калі за гэты час сваякі не прывядуць магілы ў належны стан, усе надмагільныя збудаванні будуць дэмантаваныя і замест іх будзе ўсталяваны інвентарны слупок з указаннем імя і даты смерці. Калі гэтых звестак няма, то будзе ўказаная дата правядзення працаў для замены надмагільнага комплексу.

Каментар
«Можна зладзіць сазвон у «Зуме» з могілак». Як перажываць Дзяды ў вымушанай эміграцыі – парады псіхолага і святара
2023.10.30 08:00

«Ускладзем кветкі і запалім зніч на магіле, калі вы не можаце зрабіць гэтага самі»

Сярод паслугаў, пералічаных на сайце grave.by:

  • разавая прыборка месца пахавання – праполка вакол магілы, ачыстка ад пустазелля, прыборка старых кветак і знічоў, вываз смецця і лісця, мыццё помніка і агароджы, рэкамендацыі для добраўпарадкавання. Кошт – € 45.
  • Гадавы дагляд паводле загадзя вызначанага графіку – тры разы на год. Кошт – € 135.
  • Ускладанне жывых кветак і запальванне знічоў на магілах.

«У памятныя для вашай сям’і даты і ў рэлігійныя святы мы ўскладзем кветкі на магілу і запалім зніч на магіле вашага блізкага чалавека, калі вы не можаце гэтага зрабіць самі, – абяцае фірма. – Свежыя кветкі на месцы пахавання азначаюць, што памяць аб памерлым дагэтуль жывая ў сэрцах ягоных блізкіх. Букеты і кошыкі з кветкамі звычайна прыносяць на могілкі ў памінальныя дні, на гадавіны нараджэння і смерці».

На сайце можна выбраць кветкі – гваздзікі ці ружы розных колераў. Кошт – € 20.

  • Таксама можна замовіць інсталяцыю са штучных кветак і знічоў. Можна выбраць колер і памер зніча. Каштаваць гэта будзе € 15.
  • Фотаздымка і ацэнка стану пахавання – € 15.
  • Пошук закінутага пахавання.

«Мы дапаможам знайсці пахаванне паводле імя і прозвішча памерлага і аднавіць магілу, нават калі вы не ведаеце назву могілак і сектару пахавання, – запэўнівае фірма. – У выніку вы атрымаеце фота магілы, ацэнку тэхнічнага стану пахавання, дакладныя GPS-каардынаты».

Кошт – € 95.

  • Самая дарагая паслуга ў кампаніі – усталяванне металічнай агароджы на магіле (€ 230).

Аплаціць паслугі фірмы можна праз АРІП і онлайн карткаю «MasterCard», «Visa Electron», «Visa», «Maestro», «Белкарт» і «Мір».

Фірма абяцае фотасправаздачу аб усіх выкананых працах.

Пакеты для догляду магілаў: ад стандарту да люксу

Догляд пахаванняў ажыццяўляе і ІП Казюль. Працуе прадпрымальнік толькі ў Гарадзенскай вобласці. У прапановы, пералічаныя на сайце Navechno.by, уваходзяць: сезонная і рэгулярная прыборка на могілках, ачыстка магілаў ад травы і пустазелля, мыццё помніка і надмагілляў, ускладанне кветак, запальванне знічоў, прыборка пасля пахавання, падсыпанне пяску на свежую магілу, утрамбоўванне і наданне правільнай формы. Таксама можна замовіць рамонт і аднаўленне помніка.

«Калі вы не ведаеце, у якім стане знаходзіцца магіла, я бясплатна прыеду, каб сфатаграфаваць і агледзець яе. І тады вы зможаце вызначыцца, што менавіта вам трэба зрабіць», – прапаноўвае індывідуальны прадпрымальнік Артур Казюль.

Наведванне магілы з ускладаннем кветак, запальваннем знічоў і адпраўкаю двух фотаздымкаў пахавання ў ІП каштуе ад 50 беларускіх рублёў. Разавая прыборка – ад 100 рублёў без фарбавання агароджы, ад 250 – з фарбаваннем. Рэгулярная прыборка – у залежнасці ад колькасці выездаў ад 500 да 1300 рублёў.

Падобныя паслугі надае і менская прадпрымальніца Анастасія Карэліна (сайт moikorni.com). Кошты ўказаныя ў доларах. Паслугі сабраныя ў пакеты – стандарт 1, 2, 3 і люкс. У стандарт 1 уваходзіць разавая прыборка магілы, ускладанне кветак, запальванне зніча і тры фотаздымкі. Кошт – ад $ 30.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Пакет люкс каштуе ад $ 500. Дамова для яго заключаецца мінімум на год. У пакет уваходзіць прыборка магілы раз на месяц (усяго 12 на год), падтрыманне помніка ў ідэальным стане, ускладанне кветак пасля кожнай прыборкі, запальванне зніча, фарбаванне агароджы раз на год.

Паслугі прыборкі і добраўпарадкавання магілаў як фірмы, так і проста фізічныя асобы прапаноўваюць на kufar.by. Кошты пачынаюцца ад 60 рублёў за разавую прыборку і фотасправаздачу.

Прыборку на магіле можна таксама замовіць у дзяржаўных агенцтвах рытуальных паслугаў. Напрыклад, добраўпарадкаванне месцаў пахавання прапаноўвае менскае ўнітарнае прадпрыемства «Спецыялізаваны камбінат камунальна-побытавага абслугоўвання». Кошты прыборкі пачынаюцца ад 45 рублёў у залежнасці ад аб’ёму працаў.

Фірма для надання рытуальных паслуг «Анёл» прапаноўвае нават растэрміноўванне аплаты за добраўпарадкаванне магілаў – да 6 месяцаў без даведак і паручальнікаў.

Гісторыі
«Балюча хаваць роднага чалавека праз тэлеграм». Беларусы пра перажыванне смерці блізкіх у эміграцыі
2023.03.21 07:00

Онлайн-пахаванне: праз пароль у закрытым YouTube-канале

Дыстанцыйныя рытуальныя паслугі, аднак, не абмяжоўваюцца прыбіраннем магілаў і ўскладаннем кветак. У адной з менскіх фірмаў – «РытуалТранс» – мы знайшлі прапанову онлайн-пахавання. У яе ўваходзіць поўны комплекс паслугаў арганізацыі ўласна пахавання і онлайн-трансляцыя цырымоніі. Запыт на віртуальныя пахаванні ў Беларусі з’явіўся падчас пандэміі каронавіруса, зазначае кампанія, а з часам яны зрабіліся толькі больш папулярнымі ў сувязі з выездам вялікай колькасці беларусаў за мяжу і немагчымасцю вярнуцца дамоў.

Паслуга віртуальнага пахавання ўключае ў сябе:

  • збор і афармленне ўсёй неабходнай дакументацыі;
  • выбар рытуальных прыладаў праз інтэрнэт – замоўца можа ўзяць у ім удзел праз відэасувязь;
  • арэнду ўчастку на могілках;
  • рыхтаванне да крэмацыі, калі абралі менавіта такі спосаб пахавання;
  • выкананне ўсіх арганізацыйных момантаў – капанне магілы, упрыгожванне труны, транспартаванне памерлага да крэматорыю ці могілак, наладжванне і правядзенне онлайн-трансляцыі падчас пахавання;
  • усталяванне абранага кліентам помніка;
  • догляд месца пахавання.

Арганізатары онлайн-пахавання абяцаюць захаванне канфідэнцыйнасці і бяспекі для гасцей цырымоніі. Усім запрошаным загадзя будзе паведамлены час пахавання і дасланая спасылка на закрыты YouTube-канал, дзе ў рэжыме рэальнага часу будзе транслявацца пахаванне.

«Асаблівасць рытуалу заключаецца ў тым, што назіраць за пахаваннем змогуць толькі вызначаныя людзі. Каб падключыцца да каналу, неабходна ўвесці пароль. Гэта пазбаўляе ад выпадковых сведкаў», – кажуць у фірме.

Незалежна ад таго, праводзіцца крэмацыя ці традыцыйнае пахаванне, госці змогуць назіраць за:

  • вынасам цела з моргу;
  • працэсам адпявання памерлага;
  • працэдурай цывільнай паніхіды;
  • шэсцем да месца пахавання;
  • пахаваннем труны.

Здымка будзе праводзіцца прафесійным аператарам.

«На маніторы адлюструецца карціна добрай якасці з чыстым гукам, што створыць уражанне рэальнай прысутнасці. На жаданне замоўцы онлайн-трансляцыю можна захаваць у запісе, – распавялі нам у фірме. – Трансляцыя пахавання ўваходзіць у нашую паслугу арганізацыі пахавання. Кошты абмяркоўваюцца ў індывідуальным парадку ў кожным канкрэтным выпадку асобна і могуць адрознівацца ў залежнасці ад месца пахавання і пажаданняў замоўцы».

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў