Новы паварот у справе мастака Алеся Пушкіна: правяраюць ягоныя працы, створаныя напрыканцы 90-х гадоў


Алеся Пушкіна трымаюць за кратамі ўжо сем месяцаў. Мастака пераследуюць за партрэт антысавецкага партызана Яўгена Жыхара і абвінавачваюць у распальванні варожасці і рэабілітацыі нацызму. Цяпер, як стала вядома «Белсату», сілавікі ўзяліся правяраць і ранейшыя працы мастака.

Мастак Алесь Пушкін.
Фота: Радыё Свабода

Прэтэнзіі ў следчых узніклі да цыклу Пушкіна «Беларускі супраціў», які мастак стварыў больш за 20 гадоў таму. Гаворка ідзе пра партрэты які мінімум двух беларускіх дзеячаў антысавецкага руху часоў Другой сусветнай вайны – Усевалада Родзькі і Міхала Вітушкі. Таксама сілавікі высвятляюць ролю Пушкіна ў стварэнні дакументальнага фільму «Праклятыя і забытыя», знятага тэлеканалам «Белсат» яшчэ ў 2013-м годзе.

Усевалад Родзька. Мастак – Алесь Пушкін.
Фота: Белсат
Міхал Вітушка. Мастак – Алесь Пушкін.
Фота: Белсат

Беларускі мастак Алесь Пушкін быў затрыманы 30 сакавіка ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну Магілёўскай вобласці супрацоўнікамі МУС.

Затрыманню папярэднічала ўзбуджэнне 26 сакавіка пракуратурай Горадні крымінальнай справы ў дачыненні да яго, а таксама кіраўніка прыватнай установы «Цэнтр гарадскога жыцця» Паўла Мажэйкі і іншых асобаў «за здзяйсненне наўмысных дзеянняў, скіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму», па ч.3 арт. 130 КК («Распальванне варожасці»).

Падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы стала размяшчэнне на выставе, якая праходзіла ў памяшканні ўстановы «Цэнтр гарадскога жыцця» 19 сакавіка, партрэта Яўгена Жыхара з аўтаматам на плячы аўтарства мастака Алеся Пушкіна.

Алесю Пушкіну пагражае да 12 гадоў зняволення.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў