Літва пералічыць мігрантаў і перагледзіць іміграцыйную палітыку


У сераду 30 жніўня ў Сейме Літвы парламенцкія Камітэт па нацыянальнай бяспецы і абароне (КНБА) і Камітэт па замежных справах (КЗС) абмяркуюць неабходнасць узмацнення іміграцыйнай палітыкі, паведамляе Delfi са спасылкай на Elta.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота:  Omar Marques / Anadolu Agency / ABACA / Abaca Press / Forum

«Мы абмяркуем тэндэнцыі і колькасць замежнікаў у Літве, якая дынаміка лічбаў. Без сумневу, мы высветлім механізм таго, як працуе легальная міграцыя, і ці дастатковы гэты механізм для ацэнкі ўсіх рызык з пункту гледжання нацыянальнай бяспекі», – акрэсліў планы разгляду гэтага пытання старшыня КНБА Лаўрынас Кашчунас.

Акрамя таго, па словах Кашчунаса, члены Сейма ацэняць, ці належным чынам установы, якія адказваюць за працаўладкаванне замежнікаў, праводзяць ацэнку рынка працы.

«Ёсць легальная міграцыя, з разуменнем таго, што можа спатрэбіцца працоўная сіла. Але ці правільна ацэненая здольнасць унутранага рынку знайсці працоўную сілу ў Літве? Ці належным чынам праводзіцца даследаванне? Мы высветлім, як кантралююцца мігранты ў Літве – ці плацяць яны падаткі, ці дастаткова плацяць, ці забяспечваецца дастатковы кантроль», – пералічыў пытанні парадку пасяджэння кіраўнік КНБА.

Лаўрынас Кашчунас не выключыў, што сумеснае паседжанне КНБА і КЗС можа прывесці да заканадаўчых ініцыятыў, якія ўзмацняць жорсткасць іміграцыйнай палітыкі.

«Мы пастараемся паглядзець і ацаніць сябе з пункту гледжання нацыянальнай бяспекі, ці патрэбны нейкія крыху больш жорсткія рашэнні», – сказаў ён.

Дэпартамент міграцыі Літвы раней інфармаваў, што за першае паўгоддзе 2023 года прыкладна на 6 тыс. павялічылася колькасць грамадзян замежных краін, якія пражываюць у Літве. Па дадзеных на 1 ліпеня, у Літве пражывала 195 550 замежнікаў, у студзені 2023 года такіх было 189 411. Паведамлялася, што значна павялічылася колькасць беларусаў, нязначна – расейцаў.  Так, за першае паўгоддзе 2023 года колькасць грамадзян Беларусі, якія пражываюць у Літве, павялічылася з 48 тысяч чалавек да 58 тысяч.

Увесну літоўскі Сейм ужо прыняў пакет санкцый, які ўзмацніў жорсткасць парадку ўезду і знаходжання на тэрыторыі краіны, сярод іншага сур’ёзна абмежаваў правы расіян. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа дабіваўся аднолькавых абмежаванняў для грамадзян Беларусі і Расеі, але Сейм адхіліў яго прапановы.

Тым не менш у Літве не пакідаюць спробаў перагледзець правілы знаходжання ў краіне для беларусаў. У жніўні старшыня КНБА Лаўрынас Кашчунас заяўляў, што падтрымлівае прапанову прэзідэнта Гітанаса Наўседы аб уніфікацыі абмежаванняў для грамадзян Расеі і Беларусі. «Я думаю, што са зʼяўленнем «Вагнэр» у Беларусі ранейшыя ўяўленні мяняюцца, і мы павінны гэта ацэньваць», – казаў Кашчунас.

Палітык таксама заявіў, што беларуская апазіцыя, якая знаходзіцца ў Літве, павінна быць занепакоеная ўсё больш прыкметнымі праявамі «ліцьвінізму» і заклікаў правесці «пэўныя чырвоныя лініі». Разам з тым старшыня Сейма Літвы Вікторыя Чмілітэ-Нільсен 23 жніўня пасля сустрэчы са Святланай Ціханоўскай выступіла супраць аднолькавых абмежаванняў для беларусаў і расіян.

З канца лістапада 2022 года, калі ад грамадзян Беларусі і Расеі сталі патрабаваць запоўніць спецыяльную анкету і выкласці сваё стаўленне да расейскай агрэсіі ва Украіне, 910 беларусаў былі прызнаны пагрозай бяспецы Літвы і пазбаўлены права знаходжання на яе тэрыторыі.

belsat.eu

Стужка навінаў