Параду 3 ліпеня не будзе. Але вайсковую тэхніку пакажуць – на выставах у розных раёнах Менску


Упершыню з 1999 года святкаванне афіцыйнага Дня Незалежнасці Беларусі 3 ліпеня пройдзе без параду ў Менску. Прынамсі, у праграме мерапрыемстваў у горадзе і ў тэлепраграмах яго няма, і ніхто з чыноўнікаў парад так і не анансаваў.

Як распавёў агенцтву «Минск-новости» начальнік упраўлення культуры Менгарвыканкаму Віталь Брэль, канцэрты і святочныя мерапрыемствы пройдуць у розных раёнах Менску. Пляцоўкі будуць адкрытыя з 12:00 да 24:00. На іх будуць працаваць гандлёвыя шапікі, выступяць творчыя калектывы.

Таксама ў розных раёнах Менску адбудуцца выставы вайсковай тэхнікі: у парку Янкі Купалы, у парку Перамогі, у Камароўскім скверы, на пляцоўках каля Нацыянальнай бібліятэкі і каля «Чыжоўкі-Арэны», у парку імя Паўлава, у парку імя Уга Чавэса і ў парку экстрэмальных відаў спорту. Экспазіцыі будуць адкрытыя з 10:00 да 18:00.

Каля стэлы «Менск – горад-герой» цяпер мантуецца сцэнічны комплекс і ўсталёўваецца апаратура. З 1 ліпеня там пачнуцца рэпетыцыі святочнага канцэрту. Яшчэ адна такая пляцоўка размесціцца каля Палацу спорту.

3 ліпеня з 18-й да 20-й гадзіны каля стэлы выступіць расейскі «Хор Турэцкага», а з 21-й гадзіны – артысты з Расеі і Беларусі.

Пасля ўсіх мерапрыемстваў у шасці месцах гораду будзе салют: у пару імя Уга Чавэса, у парку імя М. Паўлава, у парку Перамогі, на ўзбярэжжы вадасховішча Дразды, каля «Чыжоўкі-Арэны» і Нацыянальнай бібліятэкі.

Святочную праграму пад назваю «Я люблю Беларусь! Я люблю заапарк» на 3 ліпеня рыхтуе Менскі заапарк.

З 1991 года Дзень Незалежнасці ў Беларусі святкаваўся 27 ліпеня, у дзень прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР.

Рашэнне аб пераносе Дня Незалежнасці на 3 ліпеня – дзень вызвалення Менску ад нямецкай акупацыі, было прынятае падчас рэферэндуму 1996 года і афіцыйна замацаванае Дэкрэтам Аляксандра Лукашэнкі ад 11 снежня 1996 года «Аб усталяванні дзяржаўнага свята – Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь».

Беларусь – адзіная з постсавецкіх краінаў, у якой дзень незалежнасці афіцыйна не прывязаны да аддзялення ад СССР ці Расейскай імперыі.

Вайсковы парад ладзіўся 3 ліпеня штогод з 1997 года. У круглыя даты вайсковыя парады ладзяцца 9 траўня (1995, 2000, 2005, 2010, 2015 і 2020 гады). Выняткам стаў 1999 год, калі падчас цісканіны на станцыі метро «Няміга» загінулі 53 чалавекі. У той год парад адмянілі. Афіцыйнага тлумачэння прычыны сёлетняй адмены пакуль не было.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў