У Гомельскай вобласці аб'яўлены чырвоны ўзровень пажарнай небяспекі


З 30 траўня па 1 чэрвеня на большай частцы Гомельшчыны, а 31 траўня і 1 чэрвеня месцамі і па Менскай вобласці чакаецца надзвычайная пажарная небяспека (5 клас), паведамілі ў «Белгідрамеце».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Арганізацыям рэкамендуецца прыняць прафілактычныя меры, каб звесці да мінімуму наступствы ўздзеяння метэаралагічных з’яў», – гаворыцца ў паведамленні ведамства.

У МНС папярэдзілі, што ў пажаранебяспечны перыяд рэкамендуецца:

  • не наведваць лясныя масівы і не разводзіць вогнішчы;
  • не паліць смецце на садовых і дачных участках;
  • недалёка ад лесу і лясных насаджэнняў захоўваць асцярожнасць пры абыходжанні з вогненебяспечнымі прадметамі і не кідаць непатушаныя цыгарэты.
Памятка ад МНС Беларусі. Крыніца: mchs112by / Telegram

Міністэрства лясной гаспадаркі ўвяло забарону і абмежаванні на наведванне лясоў ва ўсіх раёнах Беларусі. Абмежаванні дзейнічаюць у асноўным у заходняй частцы краіны – у 35 раёнах Беларусі, забаронена наведванне лясоў у 83 з 118.

Забарона і абмежаванні на наведванне лясоў. Здымак з экрана: mlh.by

У Гомельскай вобласці лес забаронена наведваць на ўсёй тэрыторыі. У Менскай вобласці, акрамя Слуцкага раёну, які пад абмежаваннямі, лес наведваць забаронена. Таксама забаронена наведваць лес у Магілёўскай вобласці, за выключэннем Слаўгарадскага і Чэрыкаўскага раёнаў, дзе ўведзеныя абмежаванні.

Нагадаем: забарона на наведванне лясоў азначае, што лясы нельга наведваць катэгарычна – у тым ліку для шпацыраў, адпачынку на прыродзе ды іншага. Таксама забараняецца ўезд транспарту, за выключэннем транспарту лесагаспадарчай установы, а таксама органаў, якія ажыццяўляюць кантроль. Пры ўвядзенні абмежаванняў у лес хадзіць можна – на шпацыр ці збор грыбоў і ягадаў, але ездзіць, распальваць агонь катэгарычна забаронена. Таксама забараняецца ладзіць масавыя імпрэзы.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў