Міністэрства адукацыі: Адзнакі, атрыманыя на цэнтралізаваным экзамене, не падлягаюць перагляду


У Міністэрстве адукацыі заявілі, што адзнакі, атрыманыя на цэнтралізаваным экзамене, не падлягаюць перагляду згодна з правіламі атэстацыі, прынятымі ў 2022 годзе ў сувязі з увядзеннем ЦЭ. Аб гэтым расейскаму агенцтву Sputnik паведамілі ў прэс-службе ведамства.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: aif.by

«Адпаведна, падаць апеляцыю ў сувязі з нязгодай ацэнкай, атрыманай за іспыт па рускай ці беларускай мове, выпускнікі школ не могуць», – дадае Sputnik.

У дакуменце, на які спасылаецца Міністэрства адукацыі, прапісана наступнае: «Перагляду не падлягаюць адзнакі, атрыманыя на выпускных іспытах, цэнтралізаваных іспытах, выніковыя адзнакі, а таксама адзнакі па выніках года па вучэбных прадметах (модулях) па выніках іх вывучэння ў папярэдніх класах».

Таксама ў дакуменце пазначана, што вучням даецца права на перагляд станоўчай адзнакі па выніках навучальнага года, не больш як па двух вучэбных прадметах, калі з адзнакай не згодны вучань. Тады навучэнец павінен падаць на працягу двух дзён пасля выстаўлення адзнак заяву на імя кіраўніка ўстановы адукацыі. Адказаць павінны на працягу 10 дзён.

Нагадаем, 29 траўня сталі вядомы вынікі першага цэнтралізаванага экзамену (ЦЭ) па беларускай і рускай мовах, які адбыўся 14 траўня. ЦЭ па мовах напісалі больш за 53 тысячы выпускнікоў школ. Максімальныя 100 балаў атрымалі 413 вучняў па беларускай мове і 482 чалавекі па рускай мове, што ў разы вышэй, чым раней.

Скандал з цэнтралізаваным экзаменам разгарнуўся пасля таго, як сталі вядомыя вынікі – некаторыя выпускнікі пабачылі дзіўныя адзнакі. Хтосьці з іх атрымаў больш за 100 балаў, а некаторыя наагул тысячныя часткі ад адзінкі. У выніку абураныя бацькі і выпускнікі сабраліся ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў (РІКВ), дзе патрабавалі тлумачэнняў па сістэме налічэння балаў. У сваю чаргу чыноўнікі кажуць, што ніякіх праблемаў няма.

На наступны дзень, 30 траўня, пытаннем заняўся Лукашэнка, патрабаваўшы разабрацца ў пытанні. Кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Ігар Сяргеенка дадаў, што Лукашэнка даручыў праверыць арганізацыю цэнтралізаваных іспытаў і разабрацца з кожнай скаргай, якая паступіла.

Hавiны
Абураныя бацькі і вучні патрабуюць патлумачыць сістэму падліку ЦЭ
2023.05.29 23:16

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў