У Варшаве адбудзецца з'езд беларусаў-каталікоў замежжа


15 красавіка ў Варшаве збяруцца беларусы-каталікі, што зараз жывуць у замежжы, каб абмеркаваць агульныя дзеянні па стварэнні актыўнай супольнасці. Аб гэтым паведамляе сайт душпастырства беларусаў у Варшаве.

Афіша імпрэзы.
Фота: catholicby.pl

З’езд беларусаў замежжа запланаваны на 15 красавіка ў Варшаве і пройдзе ў касцёле св. Аляксандра на плошчы Трох крыжоў. Паведамляецца, што зʼезд праводзіцца па ініцыятыве прадстаўнікоў беларускіх каталіцкіх душпастырстваў Польшчы з простымі мэтамі «сустрэцца, пазнаёміцца і пачаць дзейнічаць».

«Нас, беларусаў-каталікоў, вельмі шмат у Польшчы. Але многія з нас губляюцца сярод польскіх вернікаў, тым самым ігнаруючы – часамі несвядома – малітвы па-беларуску, што рэгулярна праходзяць у найвялікшых гарадах: Варшаве, Гданьску, Лодзі, Беластоку, Вроцлаве, Познані, Любліне. Некаторыя супольнасці існуюць даўно, некаторыя толькі пачалі збірацца на малітвы. Але ўсе мы маем адну мэту – маліцца за нашую Беларусь на роднай мове», – гаворыцца ў паведамленні.

Падчас зʼезду дасведчаныя душпастырствы будуць дзяліцца сваім вопытам, як будаваць супольнасць і эфектыўна запрашаць туды іншых беларусаў.

Арганізатары чакаюць, што сустрэча дапаможа знайсці аднадумцаў і далучыцца да развіцця супольнасці ў сваім горадзе. Для ўдзельнікаў сустрэчы запланавана змястоўная праграма, для ўдзелу патрэбна рэгістрацыя.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў