Журналіст Юзьвяк: Новыя санкцыі ў дачыненні Беларусі могуць узгадніць на гэтым тыдні


Новы пакет санкцыяў у дачыненні Беларусі за падтрымку расейскай агрэсіі ва Украіне могуць узгадніць ужо на гэтым тыдні, а ў дачыненні Расеі – да гадавіны ўварвання ў лютым. Пра гэта паведамляе журналіст радыё «Свабода» Рыкард Юзьвяк. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Брусельскі карэспандэнт радыё «Свабода» Рыкард Юзьвяк праанансаваў новыя пакеты санкцыяў ЕЗ супраць Беларусі і Расеі за ваенную агрэсію ва Украіне.

«Апошні пакет санкцыяў ЕЗ па Беларусі павінен быць узгоднены на гэтым тыдні, 10-ы пакет санкцыяў па Расеі павінен быць прадстаўлены прыкладна праз 2 тыдні, каб быць узгодненым да 1-й гадавіны поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну», – напісаў Рыкард Юзьвяк у Twitter.

Раней у Бруселі казалі, што 10-ы пакет санкцыяў Еўразвязу пасля ўварвання Расеі ва Украіну павінен быць гатовы да першай гадавіны ўварвання – 24 лютага. Сярод прапаноў – забарона яшчэ большай колькасці расейскіх прапагандысцкіх медыяў, адключэнне большай колькасці расейскіх банкаў ад SWIFT, абмежаванні ў дачыненні да расейскага ядравага сектару. Новыя санкцыі ў дачыненні Беларусі павіны быць скіраванымі на тое, каб пазбавіць рэжым у Менску магчымасці абыходу раней уведзеных абмежаванняў.

Тым часам, Украіна ўвяла ўласныя санкцыі ў дачыненні 23-х буйнейшых беларускіх кампаніяў. Сярод іх – «Беларуськалій», «Белгазпрамбанк», Беларуская чыгунка, Гомельскі хімічны завод, «Лакафарба».

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў