Былы прэм'ер Вялікай Брытаніі расказаў, як Пуцін пагражаў яму ракетным ударам


Борыс Джонсан у дакументальным фільме ад Бі-Бі-Сі «Пуцін супраць Захаду» распавёў пра тэлефонную размову з Уладзімірам Пуціным перад расейскім уварваннем ва Украіну – 2 лютага. Падчас размовы расейскі прэзідэнт прыгразіў ракетным ударам.

Борыс Джонсан. Крыніца: blizko.by

Паводле Борыса Джонсана, ён папярэдзіў прэзідэнта Расеі, што ўварванне ва Украіну прывядзе да заходніх санкцыяў і большай колькасці войскаў NATO на расейскіх межах.

«У нейкі момант ён як бы прыгразіў мне і сказаў: «Борысе, я не хачу прычыняць табе болю, але з ракетаю гэта зойме ўсяго хвіліну», ці нешта ў гэтым духу», – працытаваў Джонсан словы расейскага прэзідэнта.

На ракетны ўдар Пуцін намякнуў пасля таго, як Джонсан папярэдзіў прэзідэнта Расеі, што вайна з Украінаю будзе мець катастрафічныя наступствы. Брытанскі палітык таксама распавёў, што спрабаваў запэўніць Пуціна ў неўступленні Украіны ў NATO у агляднай будучыні, аднак гэта Пуціна не здаволіла.

Таксама ў інтэрв’ю Джонсан распавёў: «мяркуючы з расслабленага тону», у якім Пуцін вёў гутарку, «ён проста падыгрываў спробам прымусіць яго весці перамовы».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў