Лукашэнка паедзе на кліматычны саміт у Дубай, каб дамагчыся пацяплення… палітычнага


З 30 лістапада да 12 снежня ў Дубаі пройдзе кліматычны саміт СОР 28, на які з’едуцца палітыкі з усяго свету, каб абмеркаваць і распрацаваць глабальную стратэгію адносна зменаў клімату. Збіраецца наведаць гэтае мерапрыемства і Аляксандр Лукашэнка. Што ўяўляе сабой саміт, якія мэты ставяць яго ўдзельнікі і ці супадаюць яны з мэтамі, якіх хоча дасягнуць на ім Лукашэнка?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: newafricanmagazine.com

Што такое СОР?

Кліматычны саміт СОР (Conference of the Parties) штогадова праводзіцца Арганізацыяй Аб’яднаных Нацыяў, з 1995 года. Спіс удзельнікаў гэтай сустрэчы вельмі вялікі: агулам Рамачную канвенцыю ААН аб змяненнях клімату, якая адказвае за скліканне гэтай канферэнцыі і ёсць ейным кіроўным органам, ратыфікавалі 198 бакоў (197 краінаў і Еўразвяз).

Агульны кірунак, у якім праводзіцца праца ўдзельнікаў канферэнцыяў, – супраца краінаў і прыняцце мераў для дасягнення кліматычных мэтаў, сфармуляваных у Парыжскім пагадненні (было дасягнута ў 2015 годзе на СОР 21). Адной з асноўных мэтаў застаецца абмежаванне глабальнага павышэння тэмпературы на планеце да ўзроўню не болей 2 °С у параўнанні з узроўнем даіндустрыяльнай эпохі (у ідэале да 1,5 °С). Усё гэта вымагае, каб краіны – удзельніцы пагаднення ўсталёўвалі ўласныя кліматычныя мэты кожныя пяць гадоў, забяспечвалі празрыстасць гэтага працэсу і фінансавую падтрымку.

Якія выклікі стаяць перад самітам СОР 28

Сёлета самі праходзіць у Дубаі, на якім чакаюцца каля 80 тысячаў чалавек са 198 краінаў. І перад ягонымі ўдзельнікамі стаяць сапраўды даволі істотныя выклікі. Адзін з іх – завяршэнне працы, пачатай год таму.

Рэч у тым, што леташні саміт прайшоў у даволі складаных умовах і на фоне вайны ва Украіне не атрымаў шырокага асвятлення ў СМІ. А энергетычны крызіс, які ўзнік у выніку расейскай агрэсіі і газавых пытанняў паміж РФ і Еўразвязам, увогуле ледзь не пазбавіў сэнсу існаванне саміх мэтаў, сфармуляваных у Парыжскім пагадненні аб клімаце.

Сярод рашэнняў, якія былі зробленыя на СОР 27 у егіпецкім Шарм-эль-Шэйху год таму, было стварэнне спецыяльнага фонду для пакрыцця стратаў, панесеных у выніку глабальнага пацяплення. Так, розныя краіны змогуць прэтэндаваць на атрыманне грошай з фонду на пакрыццё стратаў, нанесеных у выніку разгулу стыхіі, – магутных штормаў, павышэння ўзроўню акіяну, ураганаў, лясных пажараў і г. д. У першую чаргу ў такім фондзе былі зацікаўленыя бедныя краіны, уплыў якіх на кліматычныя змены быў значна меншы ў параўнанні з буйнымі краінамі з высока развітай прамысловасцю (Кітай, ЗША).

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: neftegaz.ru

Аднак заснаванне фонду было ўсяго толькі задэклараванае на СОР 27 і не знайшло рэалізацыі. Рабочая група, створаная, каб дапрацаваць ініцыятывы канферэнцыі, правяла пяць сустрэчаў цягам года, але да фінальнага рашэння так і не прыйшла. Вядома толькі пра нейкі чарнавы дакумент, у якім, напрыклад, пазначана, што фонд будзе размяшчацца ў Сусветным банку, на што не вельмі ахвотна пагаджаліся некаторыя развіццёвыя краіны. А з іншага боку, вядома, што больш заможныя дзяржавы выступаюць супраць пашырэння спісу краінаў – удзельніц фонду.

Як бы там ні было, менавіта на саміце ў Дубаі дэлегаты павінны будуць прыйсці да кансэнсусу ва ўсіх спрэчных пытаннях і зацвердзіць выніковы дакумент аб стварэнні фонду.

ААЭ будзе лабіяваць уласныя інтарэсы?

Цікавай асаблівасцю СОР 28 ёсць менавіта яго месца правядзення. Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, якія сёлета прымаюць кліматычны саміт, застаюцца аднымі з лідараў у свеце паводле ступені забруджвання на душу насельніцтва, бо ў гэтай краіне велізарныя запасы нафты і газу.

Мала таго, прэзідэнтам СОР 28 стаў не хто іншы, як султан аль-Джабэр, генеральны дырэктар Нацыянальнай нафтавай кампаніі Абу-Дабі «ADNOC». Ён жа займае пасты міністра прамысловасці і перадавых тэхналогіяў, а таксама спецпрадстаўніка ў пытаннях зменаў клімату.

Усё гэта выклікае занепакоенасць эколагаў, звязаную з тым, што ААЭ выкарыстае сваё прэзідэнцтва падчас саміту, каб змясціць акцэнты на пакрыццё шкоды ад выкапнёвых энергарэсурсаў, замест таго, каб гаварыць пра спыненне іх выкарыстання. Што ж датычыць аль-Джабэра, то эколагі сцвярджаюць, што ён непасрэдна зацікаўлены ў развіцці нафтаздабычы, а таксама быў заўважаны ў так званым «грынўошынгу» ўласнага іміджу, т. зв. «азеляненні рэпутацыі». Прынамсі, каманда міністра была заўважаная ў рэдагаванні звязаных з ім старонак на Вікіпедыі, дзе падкрэслівалася ягоная пазітыўная роля ў кліматычным руху.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: eer.ru

У той жа час чакаецца, што падчас СОР 28 упершыню будзе праведзеная глабальная інвентарызацыя Парыжскага пагаднення і прааналізаваны прагрэс у дасягненні кліматычных мэтаў, а таксама, як ужо згадвалася вышэй, плануецца сфармаваць 100-мільярдны фонд для пакрыцця стратаў, паненсеных у выніку разгулу стыхіі. Будуць на саміце ўздымаць і пытанні дапамогі бедным краінам, адаптацыі дзяржаваў да больш гарачага клімату, далейшай дэкарбанізацыі энергетычных сістэмаў і іншыя.

Вялікая пляцоўка для кулуарных размоваў

Як бы там ні было, кліматычны саміт ёсць вялікай пляцоўкай, на якой збіраюцца палітычныя дзеячы і лідары краінаў з усяго свету. Так, у 2022 годзе ў канферэнцыі ўзялі ўдзел амаль 100 кіраўнікоў дзяржаваў і 45 тысяч дэлегатаў з амаль што двухсот краінаў. Таму яна традыцыйна становіцца месцам, дзе абмяркоўваюцца і больш шырокія пытанні, асабліва ў кулуарным фармаце.

Так, напрыклад, у жніўні прайшла інфармацыя аб тым, што прэзідэнт Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Мухамэд бен Заід Аль Нахаян хоча падчас канферэнцыі зладзіць сустрэчу Уладзіміра Пуціна і прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Сцвярджаецца, што гэтую ідэю ўхваліў і прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, нават паабяцаў сваё садзейнічанне. На пачатку лістапада Пуцін пацвердзіў, што Расея будзе ўдзельнічаць у саміце на высокім узроўні, пацвярджэння ўдзелу з боку Уладзіміра Зяленскага пакуль не было.

У той жа час стала вядома, што сам амерыканскі прэзідэнт не плануе прысутнічаць на сёлетняй канферэнцыі і мае намер адправіць замест сябе пасланніка ў пытаннях зменаў клімату Джона Кэры.

Аб сваім намеры наведаць кліматычны саміт у Дубаі 27 лістапада заявіў і Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што на мерапрыемстве плануе сустрэцца з лідарамі некаторых афрыканскіх краінаў.

Пра тое, ці сапраўды Лукашэнку сталі трывожыць пытанні экалогіі і якія сапраўдныя мэты ягонага візіту на СОР 28, мы спыталі ў Вадзіма Мажэйкі, рэдактара «Беларускага штогодніка».

На думку палітычнага аглядальніка, Лукашэнка ніколі не вызначаўся асаблівай цікаўнасцю да праблемаў клімату і экалогіі. Акрамя таго, пытанні экалогіі не выклікаюць нейкіх палітычных супярэчнасцяў. Менавіта таму мы бачылі, як з 2015 да 2019 года было шмат супольных з еўрапейцамі экалагічных праектаў, і для Лукашэнкі гэта проста спроба знайсці нейкую агульную глебу.

«Сапраўдная мэта візіту – атрымаць як мага больш міжнароднай легітымнасці. Бо мы бачым, як пасля сустрэчы з Пуціным у Сочы Лукашэнка вымушана ездзіў у непрызнаную нікім, акрамя Расеі, Абхазію, дзе сустракаўся з псеўдапрэзідэнтам псеўдакраіны Асланам Бжанія. Канечне, такія візіты з недакіраўнікамі дзяржаваў, якім цяпер ёсць і сам Лукашэнка, яму непрыемныя, і значна больш прыемна мець сустрэчы, напрыклад, з тым жа Сі Цзінь Пінам, дзе ён пачуваецца на роўных з іншымі лідарамі», – адзначыў Вадзім Мажэйка.

Палітычны аглядальнік адзначае, што Лукашэнку сапраўды цікавы ўдзел у любых мерапрыемствах высокага ўзроўню, бо не часта выпадаюць такія магчымасці. Бо, як вядома, у Еўразвяз яго не запросяць, а што ж датычыць ААЭ, то ў гэтай краіне надаецца менш увагі правам чалавека і таму, хто мае якую легітымнасць, так што ў Дубаі Лукашэнку будуць гатовыя прыняць. Але пра вынікі гэтага візіту для Лукашэнкі можна будзе казаць, пабачыўшы, якія двухбаковыя сустрэчы ўдасца правесці. «Але так, любымі такімі магчымасцямі ён стараецца карыстацца», – адзначыў Вадзім Мажэйка.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў