Лукашэнка збіраецца наведаць Дубай


Сёння на сустрэчы з чальцамі ўраду ў Палацы незалежнасці Аляксандр Лукашэнка анансаваў паездку ў Дубай.

Дубай. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: A.Savin / Wikipedia

Нагодаю для візіту станецца кліматычны саміт з 30 лістапада да 12 снежня.

Падчас саміту Аляксандр Лукашэнка плануе сустрэцца з лідарамі некаторых афрыканскіх краінаў. Ён адзначыў, што візіты ў краіны Афрыкі былі адкладзеныя праз напружаны графік на зімовы перыяд. Сярод іх назваў Гвінею і Зімбабвэ:

«Але, думаю, на саміце пра клімат, які адбудзецца найбліжэйшым часам у Дубаі, сустрэнуся з прэзідэнтамі асобных афрыканскіх дзяржаваў і дамоўлюся пра перамовы ды пры неабходнасці – візіты ў афрыканскія краіны».

Таксама сярод афрыканскіх краінаў, супраца з якімі выклікае цікавасць у лукашэнкаўскага ўраду, былі названыя Мазамбік, Экватарыяльная Гвінея. З прэзідэнтам апошняй Лукашэнка плануе сустрэцца падчас саміту ў Дубаі і дамовіцца пра будучы візіт у гэтую краіну.

Акрамя таго, былі згаданыя запланаваныя візіты беларускага боку ў Турцыю. Спачатку ў гэтую краіну мае прыехаць прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, пасля чаго плануецца візіт і самога Лукашэнкі.

«Я хацеў бы пачуць, як прасоўваюцца пытанні асноўных нашых тэмаў з Турцыяй. Як тут Міністэрства замежных справаў працуе. Наколькі я інфармаваны, туркі гатовыя да перамоваў, у тым ліку да вашага візіту, Раман Аляксандравіч [Галоўчанка], у Турцыю, рыхтуецца і мой візіт. Але перш чым я паеду туды, пажадана, каб глеба была падрыхтаваная, былі напрацоўкі пэўных пытанняў», – звярнуўся Лукашэнка да прэм’ера.

На кліматычным саміце ў Дубаі плануецца прысутнасць лідараў каля 200 краінаў свету, сярод іх брытанскі кароль Чарлз  ІІІ, Папа Рымскі Францішак. У той жа час стала вядома, што прэзідэнт ЗША Джоўзэф Байдэн не будзе браць удзелу ў саміце.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў