«Хамас» заявіў пра гібель траіх закладнікаў, у тым ліку 10-месячнага немаўляці


Тэрарыстычная групоўка сцвярджае, што закладнікі загінулі нібыта ў выніку ізраільскага авіяўдару па сектары Газа.

Паводле інфармацыі Бі-Бі-Сі, баевікі «Брыгадаў Аль-Касама» (баявое крыло «Хамасу») заявілі, што 10-месячны хлопчык Кфір Бібас, ягоны брат і іхная маці, якія былі ў закладніках, загінулі падчас ізраільскага абстрэлу сектару Газа.

Ізраільскае войска паведаміла, што звязалася з роднымі сямʼі Бібасаў і правярае заяву «Брыгадаў Аль-Касама». «Хамас» нясе поўную адказнасць за бяспеку ўсіх закладнікаў у сектары Газа і мусіць быць прыцягнуты да адказнасці», – гаворыцца ў заяве Арміі абароны Ізраілю.

Сямʼя Бібасаў (10-месячны Кфір Бібас, ягоны 4-гадовы брат Арыель, іхныя бацькі Ярдэн і Шыра) была выкрадзеная падчас нападу палестынскіх баевікоў на Ізраіль 7 кастрычніка. Бацькоў Шыры, Ёсі і Маргіт Зільбэрманаў, забілі.

Кфір Бібас і ягоная маці Шыра, выкрадзеныя палестынскімі тэрарыстамі.
Фота: bbc.com

Учора ізраільскія ўлады заявілі, што «Хамас» сцвярджае, што больш не ўтрымлівае двух малых братоў і што яны былі перададзеныя «іншай ісламісцкай групоўцы ў сектары Газа».

«Хамас» выкарыстаў некаторых выкрадзеных, такіх як сям’я Бібасаў з Нір-Озу, як свайго роду актыў і перадаў іх іншым тэрарыстычным арганізацыям», – цытуе «7 канал» прадстаўніка Цагалю Авіхая Адрая. Ён адзначыў, што «існуе мноства тэрарыстычных арганізацыяў, якія зацягваюць перамовы».

Стрыечны брат Шыры Бібас заявіў журналістам, што сям’я «чакае афіцыйнай заявы» ад Цагалю наконт таго, «праўда гэта – або гэта яшчэ адзін трук, які «Хамас» разгульвае з намі». Ён таксама падкрэсліў, што тэрарысты нясуць поўную адказнасць за жыццё закладнікаў і «Хамас» мусіць вярнуць іх жывымі, піша «The Times of Israel».

Кфір Бібас – самы маленькі з узятых баевікамі закладнікаў.

Агляд
Радасць, гора і слёзы. Як «Хамас» вызваляў закладнікаў у абмен на злачынцаў
2023.11.28 08:14

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў