Запазычанасць беларусаў па крэдытах на пачатак кастрычніка, паводле звестак Нацыянальнага банку, дасягнула Br 16,52 млрд. Гэтая сума на Br 89,2 млн больш, чым было ў верасні.
Агульная запазычанасць беларусаў па банкаўскіх пазыках, што ўключае спажывецкія крэдыты, крэдыты на нерухомасць, аўтамабілі ды карты растэрміноўкі, расце чацвёрты месяц запар.
Расце і агульная запазычанасць па крэдытах на нерухомасць для фізічных асобаў. На пачатак кастрычніка яна дасягнула Br 11,66 млрд, павялічыўшыся за месяц на Br 79,8 млн. Гэты паказнік расце з 2020 года.
Даўгі па спажывецкіх крэдытах за верасень выраслі на Br 10,6 млн да Br 4,79 млрд. Гэты паказнік расце другі месяц запар.
Вонкавая запазычанасць Беларусі на 1 ліпеня гэтага года вырасла ў параўнанні з аналагічным перыядам летась на 4,4 %. Паводле экспертаў Еўразійскай эканамічнай палітыкі, доўг нашай краіны склаў на 1 ліпеня каля $ 44,1 млрд.
Міністэрства фінансаў Беларусі больш не публікуе інфармацыі пра замежныя даўгі нашай краіны. Але пра запазычанасць стала вядома дзякуючы статыстыцы Еўразійскай эканамічнай камісіі.
Якуб Хруст belsat.eu