Курапаты. Дарога памяці даўжынёй 85 гадоў


Ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года стала адной з самых трагічных і чорных датаў у беларускай гісторыі ХХ стагоддзя. У гэтую ноч савецкія карнікі расстралялі больш за 100 беларускіх дзеячаў навукі, культуры, мастацтва і літаратуры. У спісе расстраляных толькі ў тую чорную ноч можна знайсці педагогаў, выкладчыкаў, перакладчыкаў і філосафаў. Сёння – 85 гадоў з той крывавай даты. Кожны год у гэты дзень праводзіцца акцыя памяці пад сімвалічнай назвай «Ноч расстраляных паэтаў». Гэтым мы аддаем пашану памяці нашых выдатных творцаў, якія былі знішчаныя тагачасным рэжымам, але чыя творчасць, імпэт і любоў да Беларусі натхняюць нас і сёння.

Урочышча Курапаты. Менск, Беларусь. Кастрычнік, 2022.
Фота: Белсат

Што адбылося?

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ва ўрочышчы Курапаты ў Менску былі расстраляныя 108 беларускіх культурных дзеячаў і навукоўцаў. Сярод іх 22 літаратары: паэты, празаікі, перакладчыкі, крытыкі. Самаму старэйшаму з забітых, празаіку і публіцысту Янку Нёманскаму споўнілася 47 гадоў, а сярод самых маладых – паэт і перакладчык Юлій Таўбін (26 гадоў), літаратурны крытык Пётр Хатулёў (25 гадоў), педагог і школьны настаўнік Іван Жылуцкі (25 гадоў).

Гэты расстрэл стаў пікам маштабных рэпрэсіяў супраць нацыянальнай інтэлігенцыі Беларусі, якія доўжыліся з 1929 да 1941 года і мела на мэце знішчэнне нацыянальна арыентаваных творцаў, выкладчыкаў, службоўцаў, навукоўцаў. Так, з 4 сакавіка 1937-га да 22 траўня 1938-га агулам было рэпрэсавана больш за 100 тысяч чалавек. У сярэднім штодня арыштоўвалі 200 чалавек, пераважна забіралі ноччу.

 

Калі браць гісторыю расстрэлаў, то тут варта згадаць дзейнасць ЧК і НКВД да 1920-х гадоў, калі пачалася палітыка чырвонага тэрору, там нават ніхто не вёў уліку рэпрэсіяў. У 1930-ыя аднаўляецца практыка расстрэлаў, а ў 1937–1939 гады быў пік.

У жніўні 1937 года ва ўнутраным дворыку турмы НКВД былі спаленыя тысячы старонак рукапісаў – вершаў і прозы, лісты, дзённікі, фотаздымкі. Дзясяткі тысяч кніг рэпрэсаваных аўтараў былі выдаленыя з бібліятэчных фондаў, знішчаныя або адпраўленыя ў спецсховішчы. Імёны забітых і высланых выкрэсліваліся з даведнікаў, энцыклапедыяў і падручнікаў. На іх згадку была накладзеная забарона.

 

Як расстрэльвалі ў Курапатах?

Ад цяперашняга цэнтру Менску да ўрочышча – усяго 10 з паловай кіламетраў. Але ў пачатку 30-х гадоў гэта было далёка за горадам, глухі сасновы бор. Спачатку расстрэльвалі проста ў лесе, у канцы 1937-га лес абгарадзілі шчыльным плотам пад тры метры. Паставілі ахову з супрацоўнікаў НКВД – каб спыніць цікаўнасць жыхароў навакольных вёсак і спробы ўцёкаў зняволеных.

Стрэлы рабіліся з рэвальвераў сістэмы Нагана ў галаву.

Урочышча Курапаты. Менск, Беларусь. Кастрычнік, 2022.
Фота: Белсат

Хто расстрэльваў у Курапатах?

Гэтым займаліся працаўнікі камендатуры НКВД БССР. Усяго ў гэтых падраздзяленнях да вайны служыла 90 чалавек. Як паказалі падчас следства сведкі, расстрэлы ў Курапатах ажыццяўлялі кіраўнік камендатуры Нікіцін (пасада на 1939 год), ягоны намеснік Ермакоў, работнікі камендатуры Сцяпан Коба, Бачкоў, Астрэйка, Мігно, Якаўлеў, Дуброўскі, наглядчык Рыгор Бацян, каморны.

Усе сведкі даводзілі, што расстрэлы праходзілі менавіта да вайны. Ніводзін з іх нічога не казаў пра немцаў.

 

Хто ляжыць у курапацкіх ямах?

Паводле гісторыка і даследніка Ігара Кузняцова, сярод рэпрэсаваных было прыкладна 65 % беларусаў,  каля 20 % палякаў,  8–9 % габрэяў. Далей – расейцы, літоўцы і іншыя нацыянальнасці.

Паводле сацыяльнага паходжання – каго называлі ворагамі народу? Амаль 70 % – сяляне. На другім месцы – рабочыя. А інтэлігенцыя – гэта 15 з кожных 100 чалавек, расстраляных у 1937 годзе. Астатнія 85 – рабочыя, сяляне, хатнія гаспадыні, беспрацоўныя, аднаасобнікі.

 

Колькі людзей расстралялі ў Курапатах?

Гэта найбольш спрэчнае пытанне. Паводле розных ацэнак, у Курапатах супрацоўнікі НКВД расстралялі ад 30 тысяч (звесткі Генпракуратуры БССР) да 250 тысяч чалавек (звесткі польскага прафесара Здзіслава Вінніцкага).

Урочышча Курапаты. Менск, Беларусь. Кастрычнік, 2022.
Фота: Белсат

Першы лік быў агучаны пасля першага расследавання. У шасці пахаваннях следчыя знайшлі парэшткі не менш як 356 чалавек. Як сцвярджаецца ў матэрыялах справы, «больш дакладна ўсталяваць колькасць пахаваных людзей не ўяўляецца магчымым у сувязі з тым, што частка касцей значна разбурылася, фрагментавалася». У кожным выяўленым пахаванні знайшлі парэшткі ў сярэднім 59 чалавек. Гэты лік памножылі на колькасць меркаваных магілаў (510), і атрымалі названыя лікі.

Саша Гоман  belsat.eu

Стужка навінаў