У Варшаве 1 лістапада пройдуць мітынг, шэсце, канцэрт і малебен з нагоды восеньскіх Дзядоў. Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook кіраўнік Варшаўскай суполкі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Яўген Дудкін.
Мітынг і шэсце на Дзяды ў Варшаве пачнуцца 1 лістапада а 14:00 на плошчы Юзэфа Пілсудскага. Затым удзельнікі пройдуць шэсцем да помніку Адаму Міцкевічу і Замкавай плошчы.
Яўген Дудкін паведаміў, што шэсце пройдзе пад гукі беларускай дуды і бубнаў ад гурта «Lity taler». На Замкавай плошчы з патрыятычнаю праграмаю выступіць музычны гурт «23.34». А 16:00 у грэка-каталіцкай царкве на Мядовай 16 адбудзецца кароткая малітва і памінальны стол. Афіцыйны арганізатар – Алена Янушкоўская.
Пачаткам урачыстых захадаў 1 лістапада стане святая імша па загінулых за Украіну беларускіх жаўнерах, якую аб 11:30 адслужаць у ніжнім касцёле Святога Аляксандра на плошчы Трох крыжоў.
Дзяды – традыцыйнае беларускае свята памінання і ўшанавання памерлых продкаў, якое адзначаюць з дахрысціянскіх часоў. У Менску ў гэты дзень традыцыйна праводзілася масавае шэсце апазіцыі, якое павінна было напомніць пра ахвяры палітычных рэпрэсіяў савецкага часу і выказаць пратэст супраць рэпрэсіяў, якія палітычны рэжым дыктатара Аляксандра Лукашэнкі чыніць супраць сучасных беларусаў. Звычайна шэсце скіроўвалася ў нацыянальны некропаль ва ўрочышчы Курапаты, дзе пахаваныя ахвяры камуністычных рэпрэсіяў. Такія ўрачыстасці дэмакратычная апазіцыя таксама праводзіла ў іншых гарадах Беларусі і свету.
Першае публічнае святкаванне Дзядоў адбылося 30 кастрычніка 1987 года на ініцыятыву літаратурнага аб’яднання «Талака», якім кіраваў сёлетні набэліят Алесь Бяляцкі, а першае масавае шэсце на Дзяды адбылося 30 кастрычніка 1988-га ў Курапатах.
Антон Тачняк belsat.eu