Жыхара аграгарадка Лучын Рагачоўскага раёну аштрафавалі за тое, што на плоце ягонага дому 30 гадоў таму быў намаляваны бел-чырвона-белы сцяг, калі ён яшчэ быў дзяржаўным. У судзе гэта прызналі «несанкцыянаваным пікетаваннем», перадаюць праваабаронцы.
На паседжанні суда Рагачоўскага раёну 6 верасня мужчына растлумачыў, што калі купіў дом, намаляваў на плоце сцяг, які на той момант быў дзяржаўным. Пазней за гэтыя 30 гадоў ён некалькі разоў падфарбоўваў сцяг, апошні раз – пяць-шэсць гадоў таму.
Аднак суд прызнаў малюнак сцяга «несанкцыянаваным пікетаваннем» (арт. 24.23 КаАП), а мужчыну вінаватым. У выніку яго аштрафавалі на 740 рублёў (20 базавых велічыняў).
Сілавікі затрымліваюць за любую нацыянальную сімволіку, дзе толькі могуць яе пабачыць. Так, у канцы жніўня яны затрымалі хлопца за бел-чырвона-белыя палосы на куртцы – гэта арыгінальны дызайн вопраткі. За гэта завялі адміністратыўную справу і затрыманага арыштавалі на 15 содняў. Таксама ў жніўні сілавікі склалі пратакол супраць рагачоўскага актывіста Дзяніса Дашкевіча за фота прэзідэнта Польшчы, які стаіць на фоне бел-чырвона-белага сцяга.
Алена Рувіна belsat.eu